Пераможцы фотаконкурсу ”Шчаслівыя дзеці Астравеччыны” – сем’і Баёр, Суравец і Штура

Пераможцаў фотаконкурсу «Шчаслівыя дзеці Астравеччыны”, арганізаванага сацыяльна-педагагічным цэнтрам пры інфармацыйнай падтрымцы “Астравецкай праўды”, узнагародзілі ў Дзень сям’і.

– На конкурс паступіла 116 фотаздымкаў ад 32-х сем’яў. Вызначыць лепшыя было вельмі цяжка: на кожным – прыгожыя, шчаслівыя дзеці і іх бацькі. Прапаноўвалі нават адзначыць усіх. Але ж на тое і конкурс, каб у ім былі пераможцы. Таму ўсе фота размешчаны на сайце нашай установы (і, дадам ад сябе, у групе “Астравецкай праўды” “ВКонтакте” – Н.Р.). А герояў траіх, на наш погляд, самых лепшых, мы вырашылі адзначыць дыпломамі, сувенірамі і салодкімі падарункамі ў Дзень сям’і, – гаворыць дырэктар СПЦ Таццяна Калтан.

Нават пры беглым знаёмстве з пераможцамі конкурсу ўпэўніваешся, што журы не памылілася. Немагчыма не ўлюбіцца ў двухгадовую Алісу Баёр, калі яна са шчаслівай усмешкай паведамляе, што яе браціка Цімура завуць Няня. Ці ў чорныя кучарашкі і сур’ёзныя вачаняткі блізнят Дамінікі і Вікі Сураўцоў, якія так цудоўна адцяняе ўсмешка іх мамы. Ці ў “сонечную” сям’ю Штураў з Альхоўкі.

Зрэшты, не намі сказана, што ўсе шчаслівыя сем’і шчаслівыя аднолькава. І галоўны складнік гэтага шчасця – усмешка дзіцяці.


Текст: Нина Рыбик
Фото: Нина Рыбик