"Перагрэліся" ў Гірах
Як паведаміў інспектар групы прапаганды і навучання Эдуард Малышка, у ноч на аўторак у Астравецкі аддзел па надзвычайных здарэннях паступіла паведамленне аб загаранні жылога дома ў вёсцы Гіры Гервяцкага сельсавета.
Як паказала следства, пажар узнік з-за перакальвання. Да таго ж, як паведамілі гаспадыні дома, 76-гадовая пенсіянерка і яе 46-гадовая дачка, на печы ў момант узнікнення пажару сушыліся дровы.
Пах дыму ў сваім пакоі адчула пенсіянерка, якая ўжо амаль спала. Яна паведаміла аб гэтым дачцэ, а тая патэлефанавала ў РАНС. Пасля гэтага жанчыны пакінулі дом.
На момант прыбыцця першай брыгады выратавальнікаў у будынку ўжо «гуляў» агонь, дах гарэў адкрытым полымем і часткова абрынуліся перакрыцці. У выніку пажару пашкоджаны сцены і маёмасць у доме, знішчаны дах і перакрыцці.
Гэта ўжо другі пажар у гэтым доме, які адбыўся за апошнія 4 гады. Прычынай мінулага стала неасцярожнасць пры курэнні.
Усяго ж з 2002 года ў Гірах зарэгістравана 9 пажараў, на якіх загінулі 5 чалавек. Гэта пры тым, што ў вёсцы толькі 43 жылыя дамы, насельніцтва якіх складае 79 чалавек. Для параўнання: у райцэнтры за гэты перыяд адбылося 36 пажараў і загінулі 2 чалавекі, хоць колькасць насельніцтва ў Астраўцы ў 100 разоў большая. Выснова напрошваецца сама сабою: калі людзі не будуць клапаціцца аб асабістай бяспецы, то за іх гэта ніхто не зробіць
Антон МАЛЬШЭЎСКІ.