Пенсійны ўзрост ДРБУ-159 – час росквіту арганізацыі

Шэсць дзясяткаў гадоў – гэта многа ці мала? Як для каго…
Для чалавека – салідны ўзрост, які ўжо перавысіў пенсійны рубеж ці набліжаецца да яго, і хочаш ці не, а час падводзіць хоць бы папярэднія вынікі жыцця.
Для большасці арганізацый гэта час росквіту і дынамічнага руху наперад. Прынамсі, для дарожнага рамонтна-будаўнічага ўпраўлення №159, якое днямі адзначыла 60-гадовы юбілей, гэта менавіта так.
З гісторыі
У чэрвені 1963 года быў створаны дарожна-эксплуатацыйны ўчастак №159, на абслугоўванне якога перадалі 68 кіламетраў дарог – да таго іх абслугоўваў Смаргонскі ўчастак.
Да 1967 года дарожнікі “кватаравалі” ў будынку міжгаспадарчай будаўнічай арганізацыі па вуліцы Карла Маркса, затым пабудавалі ўласную адміністрацыйна-вытворчую базу па вуліцы Валадарскага: кантору, склад для захоўвання будаўнічых матэрыялаў, кузню.
На 1 студзеня 1964 года тэхнічны парк арганізацыі складаўся з пагрузчыка і трох трактараў: двух МТЗ-50 і аднаго Т-74.
За сем гадоў, з 1963-га да 1970-га, арганізацыя пабудавала 72,5 кіламетра дарог з цвёрдым (чытай – гравійным) пакрыццём і ажно цэлых (!) 800 метраў – з чорным пакрыццём (асфальтам?).
Першым кіраўніком арганізацыі быў П.Д. Сталяроў, у 1969 годзе яго змяніў Т.Я. Карпенка. А старшым бухгалтарам на працягу многіх гадоў працавала ветэран Вялікай Айчыннай вайны А.П. Сітнікава. У кнігу славы прадпрыемства ўнесены прозвішчы дарожных майстроў М.І. Барытка, М.І. Рэкеця, Т.М. Валодзькі, аўтагрэйдарыста Н.П. Ранцава, рабочага Э.С. Козіча, трактарыста І.В. Сцефановіча.


Сучаснасць
Сёння ДРБУ-159 (заўважце: ужо не эксплуатацыйны ўчастак, а рамонтна-будаўнічае ўпраўленне, у склад якога ў 2015 годзе ўвайшло Ашмянскае ДРБУ-190 і якое цяпер абслугоўвае дарогі двух раёнаў) – сучаснае высокатэхналагічнае прадпрыемства. На асфальтава-бетонным заводзе LINTEC вытворчасці Германіі выпускаюць да пяцідзесяці відаў дарожнага пакрыцця як для ўласных патрэб, так і для рэалізацыі заказчыкам. Яго магутнасць – да 160 тон прадукцыі ў гадзіну.
У склад прадпрыемства ўваходзіць уласная лабараторыя, дзе прадукцыя, што выпускаецца на заводзе, праходзіць пільны кантроль, а таксама 4 пясчана-гравійныя кар’еры – па 2 у Астравецкім і Ашмянскім раёнах. Буйнейшыы з іх – у Смілгах. Тут дзейнічае чэшская аўтаматызаваная лінія драблення, якая лёгка, як семачкі, “шчоўкае” граніт і “выплёўвае” шчэбень розных фракцый. Ёсць яшчэ пясчаны кар’ер “Запольскае”, дзе працуе ўстаноўка па абяспыльванню пяску (дальбог, не ведала, што такія бываюць).
А колькасць аўтамашын, трактароў, бульдозераў, асфальтаўкладчыкаў, грэйдараў і іншай тэхнікі, што знаходзіцца на балансе арганізацыі, можна пералічваць бясконца Толькі ці варта? Ды як інакш, калі на абслугоўванні ДРБУ-159 ужо больш тысячы кіламетраў дарог. Ды і будаўніцтва іх цяпер вымяраецца не сотнямі метраў, як у 60-х, а дзясяткамі кіламетраў. Астравецкія дарожнікі даўно даказалі, што ўмеюць і будаваць, і рамантаваць, і падтрымліваць стан дарожных артэрый, якія, як нехта трапна заўважыў, з’яўляюцца крывяноснай сістэмай эканомікі.

Людзі
– Радуе, што ў вас на ўзбраенні высокапрадукцыйная тэхніка. І ўсё ж не машыны, нават самыя сучасныя, робяць справу, а людзі, што імі кіруюць, – сказала, віншуючы дарожнікаў з юбілеем, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ірына Тальчук.
І з ёй нельга не пагадзіцца. Работа дарожнікаў спецыфічная. Яе можна параўнаць з чыстым паветрам: калі яго ўдосталь, то дыхаеш, не заўважаючы, а калі не хапае ці яно забруджанае, то пачынаеш задыхацца.
Так і з дарогамі. Кожнаму прыемна ехаць па роўнай, расчышчанай узімку ці своечасова прагрэйдзіраванай летам трасе, любуючыся роўнымі абкошанымі абочынамі, свежапафарбаванымі мастамі, акуратнымі аўтобуснымі прыпынкамі. Але ў такіх выпадках, як правіла, ніхто не дзякуе дарожнікам: так і павінна быць! А калі раптам дзе-небудзь часам штосьці не так – ох, і ікаецца ім, мусіць, у такія моманты!
Але ж дарожнікі стараюцца, каб такіх “дзе-небудзь” і “часам” было як мага менш. Нездарма ж стаж работы на адным месцы многіх з іх вылічваецца не гадамі – дзесяцігоддзямі. І вялікая кагорта лепшых працаўнікоў падчас святкавання юбілею ДРБУ-159 была адзначана не толькі цёплымі словамі, падзякамі, з якімі прыйшлі на юбілей калегі, абласное і раённае кіраўніцтва і проста добрыя сябры, але і важкімі падарункамі, граматамі і прэміямі.
А пра добры настрой усіх прысутных паклапаціўся Лідскі эстрадны аркестр і яго харызматычныя і галасістыя салісты.



Ад першай асобы
Ірына Тальчук, старшыня раённага Савета дэпутатаў:
– Перафразіраваўшы словы вядомай песні, магу сказаць, што ваша праца не толькі “и опасна, и трудна”, але і бачная, і патрэбная. Сёння без нармальных дарог немагчыма развіццё ні эканомікі, ні бізнесу. І тое, што ў нашым раёне яны знаходзяцца ў добрым стане, – заслуга працаўнікоў ДРБУ-159.
Дзмітрый Куліна, начальнік ДРБУ-159:
– Я ўдзячны ўсім, хто ў дождж і сцюжу клапоціцца, каб дарогі ў нашым раёне былі добрымі і бяспечнымі.
Асобныя словы падзякі – ветэранам, якія выхавалі дастойных пераемнікаў сваёй справы. Упэўнены, што наступныя пакаленні прадоўжаць вашу справу і выведуць яе на новы ўзровень.
Давайце ставіць высокія мэты – і дасягаць іх.
Станіслаў Блажэвіч, ветэран працы:
– У ДРБУ я прыйшоў вадзіцелем у 1993 годзе. У 1995-м мяне перавялі ў механікі – тут працаваў да апошняга часу.
Тэхніка, што была тады і цяпер – гэта неба і зямля. Тады ў нас было 8 МАЗаў, 4 пагрузчыкі, 2 экскаватары, аўтамабіль ГАЗ-51 з будкай, на якім людзей вазілі на аб’екты, 2 бульдозеры, 2 грэйдары. Гэта цяпер у нас на будаўніцтве дарог працуе сучасны магутны асфальтаўкладчык фірмы “Вольва”, а раней грэйдарам раскладвалі гарачы асфальт – Назар Ранцаў гэтым займаўся, светлая яму памяць. А потым катком прыкатвалі. Гарачыня, пах ад гудрону – хоць ты задушыся. А працавалі, і якасна справу рабілі. Назару Парфёнавічу за яго працу званне заслужанага дарожніка прысвоілі. Пяць чалавек у нашай арганізацыі гэтае званне мелі: акрамя Ранцава, яшчэ Валянцін Кумішча, Віктар Лапуня, Генрых Шурпіцкі і Андрэй Кумішча.
Андрэй Кумішча, заслужаны дарожнік:
– У ДРБУ-159 я працую амаль 20 гадоў. Прыйшоў сюды пасля заканчэння БНТУ. У нас, можна сказаць, сямейная дынастыя: бацька тут усё жыццё працаваў вадзіцелем. Цяпер мы з ім побач: ён на аўтобусе рабочых на аб’екты развозіць, а я дарогі будую.
Самай памятнай была, бадай што, першая дарога Падольцы – Кямелішкі. Асфальтаванне дарогі Варона – Літвяны запомнілася. Пры будаўніцтве АЭС шмат будавалі. Ды, зрэшты, куды б у раёне ні ехаў, сваю работу ўспомніш. Прыемна, калі людзі звоняць, дзякуюць – гэта самая лепшая ўзнагарода.
