Пажар у Варнянах
23 снежня ў 23.43 у цэнтр аператыўнага ўпраўлення Астравецкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях паступіла паведамленне аб пажары ў жылым доме па вуліцы Савецкай у вёсцы Варняны, дзе жывуць два работнікі СВК “Варняны”.
На месца здарэння былі накіраваны 4 пажарныя аўтацыстэрны, аварыйная газавая служба, хуткая медыцынская дапамога, супрацоўнікі Астравецкага РЭС і аддзела ўнутраных спраў.
Па прыбыцці на месца здарэння было ўстаноўлена, што дом цалкам ахоплены агнём, а дах часткова абрынуўся ўнутр дома. Як паведамілі суседзі, 42-гадовы гаспадар дома і яго 34-гадовы брат даволі часта злоўжываюць спіртнымі напоямі. Па шчасцю, на момант пажару гаспадар дома знаходзіўся ў суседа.
У выніку здарэння знішчаны дах дома на плошчы 8 квадратных метраў і перакрыцці на плошчы 10 квадратных метраў. У адным з пакояў на ложку быў знойдзены абгарэлы труп брата гаспадара дома.
Як лічаць спецыялісты, пажар пачаўся з-за курэння ў ложку.
У цэлым па Гродзенскай вобласці за тры дні з 23 па 25 снежня на пажарах загінула 7 чалавек, прычым 6 – у Шчучынскім раёне. На месцах надзвычайных здарэнняў выратавальнікі знаходзілі пустыя бутэлькі і недакуркі, так што прычыны пажараў былі ўстаноўлены даволі хутка – злоўжыванне спіртнымі напоямі і курэнне.
Таму, каб свята не перайшло ў надзвычайнае здарэнне, лепш загадзя падумаць над сваімі паводзінамі пры святкаванні надыходзячага Новага года.
Антон Чык.