Паяднаныя лёсам
Астравецкі карэкцыйна-развіваючы цэнтр стаў гасцінным домам не толькі для дзетак з асаблівасцямі фізічнага і псіхічнага развіцця, але і для іх мам.Паяднаныя адной бядой жанчыны доўга не рашаліся пазнаёміцца, наладзіць стасункі паміж сабой. Але, як гэта, на шчасце, бывае, знаходзіцца чалавек з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, якога гора не зламала, а загартавала і пабудзіла дзейнічаць. Такім чалавекам аказалася Таццяна Рамуальдаўна Стэх . Яна здолела аб’яднаць маці асаблівых дзяцей, зацікавіла да супрацоўніцтва. І ўжо сталі традыцыйнымі выставы дзіцячай творчасці, канцэрты, ранішнікі з “салодкімі сталамі”. А са з’яўленнем ў цэнтры свайго аўтобуса вырашылася праблема дастаўкі рабят з раёна на заняткі ў цэнтр – тут створаны клас для навучання дзяцей з найбольш цяжкімі парушэннямі развіцця, у якім трое вучняў, а таксама ў дашкольную групу.
Мамы, а цяпер да іх сталі далучацца і некаторыя таты, пачалі часцей сустракацца за кубачкам гарбаты і запрашаць на свае сходы медыкаў, псіхолагаў, людзей творчых прафесій, святароў. Нядаўна іх госцем быў клірык праваслаўнага храма ў імя Святых апосталаў Пятра і Паўла іерэй Георгій Савіцкі. Айцец Георгій расказаў аб вялікай урачыстасці Уваскрэсення Хрыстовага, цудадзейнай сіле мацярынскай малітвы за дзяцей, гаючай моцы крашчэнскай святой вады, пажадаў бацькам асаблівых дзяцей веры, вялікіх душэўных сіл і моцнага здароўя для годнага нясення пасланых лёсам выпрабаванняў.
Таіса СЯМЁНАВА, фота аўтара.
