"Палітра бяспекі": падведзены вынікі конкурсу



Фінішаваў традыцыйны конкурс “Палітра бяспекі”, які штогод арганізуюць аддзелы адукацыі і па справах моладзі райвыканкама сумесна з аддзелам МНС. Яго ўдзельнікі – вучні сярэдніх і базавых школ, выхаванцы Цэнтра пазашкольнай работы прадставілі творчыя работы ў дзесяці намінацыях. І варта адзначыць, годных, сапраўды таленавітых работ было нямала.
У жанры малюнка па мастацкаму выкананню не было роўных рабоце “Вогненны заход сонца” Анжалікі Ластоўскай, васьмікласніцы Гудагайскай СШ, выхаванкі гуртка жывапісу ЦПР. Акварэль адлюстроўвае буйства пажару, які нішчыць усё жывое разам з рэшткамі мінулагодняй травы... Мажліва, юную мастачку можна пакрытыкаваць за тое, што карціна атрымалася неадушаўлёнай – ніводнай жывой істоты не бачна. Але ўздзеянне яе на эмоцыі ўсё роўна моцнае. Спадзяёмся, абласное журы таксама яго адчуе. Журы конкурсу ў складзе старшыні раённага аддзялення грамадскай арганізацыі выратавальнікаў-пажарных Эдуарда Малышкі, начальніка аддзела па справах моладзі райвыканкама Алега Трамбовіча, супрацоўніцы Цэнтра пазашкольнай работы Аляксандры Букель і аўтара гэтых радкоў прысудзіла Анжаліцы першае месца. А другое – вучаніцы гімназіі №1 і таксама выхаванцы цэнтра Наталлі Арлоўскай за малюнак гуашшу “Бяда ў лесе”, трэцяе – вучню Спондаўскай СШ Віталю Лаўрыновічу за акварэль “Выратавальнікі заўсёды наперадзе”.
Плакаты – тыя ж малюнкі, толькі з надпісамі-заклікамі. І пры вызначэнні лепшага бралася да ўвагі менавіта іх актуальнасць і адпаведнасць тэме самой выявы. У гэтай намінацыі месцы размеркаваліся наступным чынам: першае прысуджана шасцікласніцы СШ №1 Маргарыце Шаўчэнка за плакат “Выкарыстоўвайце электрычнасць па прызначэнню”, другое – васьмікласніку Альхоўскай СШ Юрыю Кусойцю за твор “Выратавальнікі заўсёды наперадзе”, трэцяе – удзельніцы мастацкага гуртка ЦПР, другакласніцы гімназіі №1 Арыне Букель за даволі арыгінальны твор “Маленькая запалка – вялікая бяда”.
З самаробак найбольш цікавымі журы прызнала “пажарны шчыт” (дрэва, метал) вучняў Астравецкай СШ№1 Ігара Песляка і Уладзіслава Зайца, аплікацыю “Агонь – наш сябар, агонь – наш вораг” Віялеты Грыва з Гудагайскай СШ, і яшчэ адзін макет пажарнага шчыта, змайстраваны К. Урбановічам з гімназіі №1.
Намінацыя “Мяккая цацка” сёлета была прадстаўлена толькі адной мастацкай работай, затое якой! Ад “Пажарнай машыны” вучаніцы 9”А” класа СШ №1 Надзеі Грышчук проста вачэй не адвесці!
Як чалавека, неабыякавага да паэзіі, мяне заўсёды здзіўляла намінацыя ”Верш” у такога роду вузкаспецыяльных конкурсах. Паэтычны твор – гэта перш за ўсё вобраз, натхненне, настрой, лірыка і ў адпаведнасці з імі – выбар тэмы. А напісанне вершаў на зададзеную тэму, ды яшчэ такую “сухую” – чыстая графаманія. Ды арганізатары конкурсу, відаць, прытрымліваюцца іншай думкі. Зрэшты, сярод рыфмаваных конкурсных работ знайшліся даволі годныя — вершы Данііла Кавалеўскага з Кямелішкаўскай сярэдняй агульнаадукацыйнай школы-ясляў-садка, Аляксея Верамейчыка і Карыны Дрэма з Астравецкай СШ №1 з адпаведным вызначэннем прызавых месцаў.
Куды больш магчымасцяў для творчасці ў юных аматараў прозы, тут зададзеная тэма – не перашкода. Што і пацвердзіла змястоўнае апавяданне “Пажар у школе” вышэйзгаданай Надзеі Грышчук і кароценькая займальная казачка Анжалікі Шостак з Кямелішкаўскай школы.
У жанры сачынення вызначыліся Аляксандр Клімашэўскі з СШ №1, Алеся Дарашкевіч з Гудагайскай школы, Дзіяна Анапрыенка і Вікторыя Мілаш — таксама вучаніцы першай гарадской школы.
Па-за канкурэнцыяй апынуўся фотанарыс сямікласніцы Гудагайскай СШ Ілоны Жалток – больш ніхто з вучняў нечаму не адважыўся паспрабаваць свае сілы ў гэтым відзе мастацтва. Куды больш папулярнымі былі камп’ютэрныя жанры – плакат і рэкламны ролік. У першым выдзяляліся арыгінальнасцю творы Юліі Горбаль з Гудагайскай, Анастасіі Марозік са Спондаўскай сярэдніх, Андрэя Дрывіцкага з Мальскай базавай школы-садка, у другім – Марты Грыневіч, Кацярыны Маркоўскай, Ірміны Ластоўскай з Гудагайскай, калектыўны твор вучняў Мальскай базавай школы і праца гімназіста Кірыла Сотава.
Як заўсёды, папулярнай была намінацыя “Ігратэка” – загадкі, крыжаванкі. Лепшыя творы-забавы прадставілі Дар’я Кулевіч і Аксана Сянюць з Мальскай БШ, Вікторыя Канчанін з Кямелішкаўскай, Анжаліка Ластоўская і Марта Пілецкая з Гудагайскай СШ.
Па колькасці прызавых конкурсных работ былі вызначаны камандныя пераможныя месцы. Першае прынеслі роднай “альма матэр” вучні сярэдняй школы №1 – 74 балы, другое – Гудагайскай СШ – 72, трэцяе –Мальскай БШ – 40 балаў. Каманда гімназістаў выйшла на чацвёртае, цэнтр пазашкольнай работы – на пятае.
На абласны агляд-конкурс творчасці школьнікаў “Выратавальнікі вачыма дзяцей” накіравана васемнаццаць лепшых творчых работ па васьмі намінацыях. Жадаем ім перамогі!
Таіса СЯМЁНАВА.