Пакравы пакрываюць зямлю лістом, а дзеўку – чапцом
Пазней пачула іншыя назвы: Пакроў, Пакровы.
У гады савецкага ваяўнічага атэізму мала хто пра яго згадваў. Толькі па старажытнай традыцыі праваслаўныя людзі сталага веку, якія яго памяталі, ад Пакравоў пачыналі адлічваць зімовы час.
Па народных прыкметах лічылася, што пасля 14 кастрычніка зіма закрывае лета, а Бог запячатвае зямлю да вясны. Таму зямлю чапаць больш нельга, усе палявыя работы павінны былі быць завершаны яшчэ да Здзвіжання, а да Пакравоў увесь сабраны ўраджай павінен быць закрыты: «Святы Пакроў накрыў зямлю жоўтым лістом, маладым сняжком, ваду лёдам, пчалу мёдам, рыбу луской, дрэва карой, птаху пяром, дзеўку чапцом».
Ад сваёй бабулькі я калісьці даведалася, што «накрыць дзеўку чапцом» не азначае «ўцяпліць» яе: слова «чапец» выкарыстоўваецца як вобраз замужжа, бо пакрытая галава здаўна была прыкметай замужняй жанчыны. Вясковыя дзяўчаты прасілі: «Пакровачка, мамачка, пакрый зямлю сняжком, а маю галоўку – платком».
Не перастаю дзівіцца і атрымліваць асалоду ад таго, як нашы продкі прыстасоўвалі хрысціянскія святы пад народны каляндар, як творча выкарыстоўвалі сваю фантазію, веды, талент, ствараючы сапраўдныя шэдэўры фальклору. Колькі прымавак, прыказак, песень, абрадаў узнікала і перадавалася з вуснаў у вусны, пакуль не знаходзіўся які апантаны краязнаўца, што пачынаў іх занатоўваць і друкаваць.
Калі вярнуцца да першапачатковых хрысціянскіх крыніц, то свята Пакравы, ці Пакровы, было ўстаноўлена пасля цудоўнага з’яўлення Дзевы Марыі святому Андрэю і яго вучню Эпіфану ў Канстанцінопальскім храме падчас малебна за ўратаванне сталіцы Візантыі ад паганцаў, якія ўзялі горад у аблогу. Убачыўшы Прасвятую Багародзіцу, што ішла разам з Іаанам Хрысціцелем і Іаанам Багасловам па паветры, асветленая нябесным святлом, акружаная анёламі, набажэнцы разгледзелі ў гэтым добры знак. А Найсвяцейшая Багародзіца разгарнула белую хустку – амафор – над вернікамі. Заступніцтва дапамагло – горад быў уратаваны. Пакроў-амафор з таго часу лічыцца сімвалам апекі і заступніцтва Божай Маці над людзьмі.
Ала Страшынская.