Паэт з Ігнацова Стас Курыла


Як нараджаюцца вершы? Напэўна, у кожнага паэта па-рознаму. Але большасць, упэўнена, адкажа на гэтае пытанне гэтак жа, як і Стас Курыла з вёскі Ігнацова:

– Не ведаю… Нешта такое нахлыне – і словы самі ў галаву лезуць, у радкі складваюцца. Толькі паспявай запісваць! А не запішаш, то адразу і знікаюць. Мусіць, крыўдзяцца…

Напэўна, таму аўтаручка і сшытак заўсёды былі са Стасам – ці то ён у лес ішоў, ці спаць клаўся. Прыйдуць словы – ён сядзе на пянёк ці ўскочыць з ложка – і запісвае… 

Мужчына прызнаецца, што вершы «па­лезлі ў галаву» ўжо ў сталым узросце, калі ён, паспытаўшы гарадскога жыцця і няблага ўладкаваўшыся ў Санкт-Пецярбургу (былі і работа, і кватэра, і жанчына, гатовая раздзяліць з ім гора і радасць), кінуў усё і вярнуўся ў родную вёску. Чаму? Адказаць на гэтае пытанне так, каб зразумелі меркантыльныя, складана. Ну хто паверыць, што родны край вабіў з такой сілай, што нямілымі сталі ніякія выгоды, прыгоды і цікавосткі паўночнай расійскай сталіцы.

Стас сцвярджае, што ні аб чым не шкадуе: 

– Што б я там рабіў цяпер, у чатырох сценах? Змаркоціўся б… А тут так добра! Усё роднае: бацькоўскі дом, лес, палі, сенажаці…

Яны і натхняюць Стаса на вершы.

Вясковы паэт прызнаецца, што найчасцей вершы нараджаліся, калі вяртаўся дахаты з касцёла – кожную нядзельку і кожнае свята яго наведваў.

– Цяпер рэдка хаджу. Таму, мусіць, і вершы не пішуцца, – заўважае Стас.

Можа, і так: як ты да Бога, так і ён да цябе…

Рыфмаваць Стас пачаў яшчэ ў дзяцінстве. Неяк нават сачыненне па тэме «Камунізм – гэта маладосці свет, і ўзводзіць яго маладым» напісаў у вершах. Праўда, выкладчык літаратуры Іосіф Матулойць не паверыў, што прыдумаў сам, і паставіў «чацвёрку». Калі ж пачытаў іншыя вершы хлапчука, параіў яму не кідаць гэтую справу, але больш працаваць над сваімі творамі. 

Стас не паслухаўся ні адной парады, ні другой. Вершы закінуў.. Ці яны яго? І вучыцца асновам вершаскладання не стаў. Можа, пагэтаму яго вершы такія няроўныя: побач з трапнымі вобразамі, цікавымі метафарамі, глыбокімі думкамі часта суседнічае збой рытму, недасканалая рыфма, дыялектныя словы…

Але «Астравецкая праўда», куды стаў дасылаць, вярнуўшыся на радзіму, свае спробы пяра Курыла, падпрацаваўшы іх, стала рэгулярна змяшчаць іх на «Літаратурнай старонцы». І Стас з аб’екта насмешак («Ой, глядзіце, паэт знайшоўся!») стаў мясцовай знакамістасцю.

– Неяк еду ў аўтобусе і чую шэпт за спінай: «Гэта ж наш вясковы паэт!» Што і казаць: прыемна! – прызнаецца Стас Курыла.

Работнікі раённай бібліятэкі ў 2012 годзе «саматугам» надрукавалі яго творы ў двух невялікіх кніжачках: лірычныя ўвайшлі ў зборнік «Зоркі гараць», гумарыстычныя сабралі пад вокладкай брашуры «З неба я да вас зваліўся». 

Цяпер Стас піша не так шмат, як раней. Ці то з-за таго, што ў касцёл стаў радзей хадзіць, ці, як прызнаецца, смартфон бязбожна крадзе яго час і натхненне.

Хочацца верыць, што творчы крызіс вяс­ковага паэта часовы і мы яшчэ ўбачым яго вершы на старонках «Астравецкай праўды».

***
Бывае, часта засмуткую –
Самоце думка спагадае.
Нібы мелодыю другую
У эфіры хтось пераключае.
Душа тады ад смутку тога,
Ад той самоты не пяе…
Знайду я хвалю – 
іх жа многа –
Спагадлівейшую за яе.
Сімфонія душу кранае,
Аркестр іграе у цішы…
Раскоша, боскасць ахінае –
Сімфонія маёй душы!

Текст: Нина Рыбик