Падведзены вынікі конкурсу “Дзедаўская прылада”
Апошняе заданне конкурсу “Дзедаўская прылада”, як і многія папярэднія, не стала таямніцай за сямю пячаткамі для нашых чытачоў: многія карысталіся адстойнікам для малака (у розных месцах яго называлі бляшанкай, смятаназборнікам ці якім іншым словам).
Зрэшты, такая папулярная ў нашых мясцінах дзедаўская прылада (у дадзеным выпадку, хутчэй, бабуліна), нягледзячы на тое, што яна нават прадавалася ў так званых жалезных (гаспадарчых) магазінах, у іншых раёнах Беларусі не выкарыстоўвалася. Да гэтай высновы прыйшоў Генрых Лукашэвіч, які прадэманстраваў мясцовым жыхарам заданне нашага конкурсу, калі гасцяваў у Барысаве (вось хто папулярызуе “Астравекую праўду” і наш конкурс па ўсёй краіне і за яе межамі). “Уяўляеце: ніхто з гасцей – а іх было шмат! – не здагадаўся, што гэта! – са здзіўленнем зазначыў Генрых Генрыхавіч. – Нават пасля маіх падказак.”

Скажу па шчырасці: і я, ураджэнка Гомельшчыны, таксама не бачыла ў нашай вёсцы такой прылады. Малако ў нас квасілі ў гліняных гладышках (збанках) і смятану здымалі лыжкай. Хоць адстойнік – прататып сепаратара – больш эфектыўная і зручная прылада.
Дзейнічаў ён вельмі проста, каб карыстацца, не патрэбны былі ні спецыяльныя веды, ні майстэрства. Малако злівалі ў бляшанку з невялікім вузкім празрыстым акенцам унізе. Знізу была спецыяльная трубачка.
“Гэтую трубачку забівалі калочкам, – расказаў Ілья Сымановіч. – Неяк маці адправіла мяне забраць бляшанку з крыніцы, я ішоў, дурэў з хлопцамі, калочак і выпаў, шмат малака выцекла, пакуль агледзеўся. Маці потым дзівілася: чаму так? А я, падшыванец, зрабіў невінаватыя вочы: не ведаю.”

А Марыя Янчэўская дадала, што ў іх калочкам служыў выструганы па памерах кавалак сырой бульбіны. Пазней трубку змяніў кранік і неабходнасць вынаходзіць калочкі, якія б не губляліся, адпала.
Бляшанку з малаком ставілі ў халоднае месца. А якое халоднае месца ў вёсцы ўлетку, калі пра халадзільнікі яшчэ і чуткі не хадзілі? Вядома, калодзеж! У яго і апускалі бляшанку на вяровачцы. “Некаторыя нават на той час вядро з калодзежа здымалі, каб ніхто незнарок не перакуліў ці не ўзбоўтаў малако ў бляшанцы,” – успамінае Генрых Лукашэвіч.

Ілья Сымановіч расказаў, што ў яго дзеда было тры сыны. Тры браты пабудаваліся побач, на ўзгорку, з-пад якога біла магутная крыніца. Вада ў ёй была чыстая, сцюдзёная, і гаспадыні з трох двароў, ды і іншыя вясковыя кабеты ахалоджвалі ў той крыніцы малако.
Калі малако адстаіцца – звычайна праз суткі ці менш – кранік унізе бляшанкі адкрывалі, падстаўлялі пасудзіну – і ў яе сцякала абястлушчаная вадкасць – адгон, які меў блакітнаваты колер. “Аднойчы мне бабуля загадала зліць малако з адстойніка, – успамінае Наталля Блахіна. – Я адкрыла кранік, а малако пацякло не белае, а блакітнае. Я спалохалася, што зрабіла нешта не так, выліла яго назад і ўсё старанна перамяшала: усё стала аднолькава белым! Толькі бабуля маё вынаходніцтва не ўхваліла і доўга тлумачыла, што, як і для чаго робіцца”.

Дзе ў бляшанцы заканчваецца адгон і пачынаюцца вяршкі, было відаць у празрыстым акенцы: калі адгон меў блакітнаватае адценне, то вяршкі – жаўтаватае. З іх потым рабілі смятану (“Густая, хоць ты яе нажом рэж,” – успамінае Генрых Лукашэвіч), а з яе білі масла. “Нам мама толькі скібачку памажа, астатняе ўсё на базар: грошы былі патрэбны. Кароўка-карміліца і нам не давала прапасці, і капейчыну дазваляла зарабіць,”– расказвае пра сваё цяжкае дзяцінства Леанарда Якель. І Генрых Калтан расказвае, што даўней у небагатых сялянскіх сем’ях вяскоўцам заставалася толькі “малако з-пад бляшанкі”. Алена Качан ўспамінае, што, калі бацькі часам спрачаліся, тата звычайна саступаў маці, казаў жартам: “Маўчу, маўчу, бо давядзецца малако з-пад бляшанкі піць!”. Адгонам жа і боршч забельвалі: смятана лыжкамі – то была недазваляльная раскоша!
У апошнім этапе конкурсу па 4 балы атрымліваюць Аляксандра Працута, Таццяна Бразевіч, Генрых Лукашэвіч і Генрых Калтан, па 3 – Анастасія Пяткевіч, Ілья Сымановіч, Ларыса Гаваноўская, Леанарда Якель, Марыя Янчэўская, Наталля Блахіна, Наталля Шумарава, Рэгіна Дрэма, па 2 – Алена Качан і Сяргей Місюкевіч.

Час падсумоўваць вынікі
У конкурсе ў агульнай складанасці прыняло ўдзел больш за 30 чалавек. Нехта, убачыўшы чарговае заданне ў групах “АП” у сацыяльных сетках і пазнаўшы знаёмую прыладу, даваў адзін-два адказы. Нехта пачынаў вельмі жвава, а потым знікаў. Нехта пісаў ці званіў час ад часу. Нехта ўключыўся ў конкурс на заключным этапе.
Але былі і тыя, хто ўдзельнічаў у ім з першага да апошняга тура: Рэгіна Дрэма, Леанарда Якель, Таццяна Бразевіч, Ірына Яновіч, Аляксандра Працута, Наталля Блахіна, Генрых Лукашэвіч. Яны – скажу, забягаючы наперад – і набралі найбольшую колькасць балаў, якія па ўмовах конкурсу выстаўляліся за кожны правільны адказ у залежнасці ад яго разгорнутасці і падсумоўваліся. У кожнага ўдзельніка здараліся крыўдныя памылкі (самым цяжкім аказалася заданне пра самаробную драўляную мышалоўку), былі пытанні, на якія ўсе адказвалі правільна.







Размова за круглым сталом
Але ўсё калі-небудзь заканчваецца… Напярэдадні Новага года мы вырашылі падвесці вынікі конкурсу і запрасілі ў рэдакцыю найбольш актыўных яго ўдзельнікаў, каб за кубкам гарбаты пазнаёміцца з тымі, каго ведалі ў большасці сваёй толькі па голасе ці па электронных пісьмах, даведацца пра іх уражанні ад конкурсу.
Марыя Янчэўская:
– На ўсе заданні конкурсу я мела адказ, бо ведала гэтыя прылады з дзяцінства. Гадавалася ў дзеда з бабай у Баравых, бачыла, як карыстаўся імі дзед, а часам і я дапамагала.
Дзядуля мой быў вельмі працавіты: падымаўся ў 4 гадзіны раніцы і да вечара ўсё паспяваў зрабіць. Будаваў лазні на продаж, плёў кошыкі з каранёў дрэў. Граблі ў мяне да гэтага часу дзедаўская.
Я не адразу не ўключылася ў конкурс, саромелася. Але як падалі чарговым заданнем рэзгіны – не ўтрымалася. Сама ж імі сена насіла! Памятаю, як дзед прыгожа іх сплёў з роўненькіх льняных шнурочкаў – моцныя, гладкія, за сена не чапляюцца і ніколі не парвуцца.
Леанарда Якель:
– Я, як казалі некалі ў кіно, добра ўмею думаць, а гавару не вельмі складна. Але калі ўбачыла ў першым заданні конкурсу бязмен, то рашылася пазваніць у рэдакцыю: сама такім карысталася. Потым ужо і не патрэбен ён быў, але сын казаў: не будзем выкідваць, некалі гэта будзе вельмі важная рэч.
Асабліва спадабалася заданне пра лучыну. Адразу дзяцінства ўспомнілася, як у кіно, убачыла хатку нашу з земляной падлогай і лучыну, у сцяну ўваткнутую…
Алена Качан:
– У конкурсе мысленна ўдзельнічала з першага тура і ўсе прылады пазнавала. Але саромелася званіць ці пісаць. А як дайшло да машынкі для стрыжкі валасоў, то не змагла стрымацца. І не столькі пра машынку хацела расказаць, колькі пра бацьку.
Дарэчы, вельмі прыемна, што сёння я сяджу побач з Ленардай Паўлаўнай – вучаніцай маіх бацькоў. Некалі яна расказала мне пра тату і маму, якія яны былі настаўнікі – мне было вельмі прыемна. Большага падарунка мне ніхто ў жыцці не зрабіў!
Таццяна Бразевіч:
– Вельмі шкада, што такі цікавы і пазнавальны конкурс закончыўся. З нецярплівасцю чакалі пятніцу, каб прачытаць у свежым нумары “Астравецкай праўды” правільны адказ і даведацца новыя звесткі пра дзедаўскую прыладу.
Паўдзельнічаць у конкурсе прапанавала мама. Шукаць правільныя адказы дапамагалі ўсе: бацькі, бабуля, тэлефанавала далёкім родзічам. Часам звярталася да інтэрнэту, хоць і яму не заўсёды можна верыць. Да прыкладу, драўляную мышалоўку ён ахарактарызаваў як старадаўнюю сокавысцікалку.
Генрых Лукашэвіч:
– Бацька быў слынны столяр, дзядзька дзежкі рабіў. Памянялі некалькі хат, як бацькі памерлі. Я не толькі бачыў гэтыя конкурсныя прылады, але і карыстаўся большасцю з іх. Ды і цяпер карыстаюся. Некаторыя на гарышчы гэтыя інструменты шукаюць, а ў мяне яны рабочыя.
Часцей бы праводзіліся падобныя конкурсы, яны вельмі цікавыя і карысныя.
Аляксандра Працута:
– Напачатку конкурс падаўся лёгкім. Падумала: у кожным музеі ёсць такія дзедаўскія прылады! Але другое ж заданне – прэс для адціскання сыру – паставіла ў тупік. І мышалоўка падвяла.
Гэты конкурс у нас стаў сямейным. Удзельнічалі ўсе: бацькі, свякроўка, муж, цёця з Вільнюса, стрыечны брат з Расіі – ён па пятніцах ужо сам пісаў: “Нешта ты не дасылаеш фотаздымкаў, якое новае заданне конкурсу?”
Конкурс быў нагодай сабрацца разам, перагледзець старыя фотаздымкі. А ў інтэрнэце шукала звесткі пра гісторыю. Цікава было даведацца, адкуль пайшла тая ці іншая прылада, як яна стваралася, эвалюцыяніравала.
Ірына Яновіч:
– У мяне, як і Аляксандры, у конкурсе ўдзельнічала ўся сям’я. Тата, гаварыў: не, гэты конкурс не можа закончыцца, у нас яшчэ шмат розных прылад на гарышчы! І быў такі засмучаны, калі прачытаў, што заданне пра бляшанку – апошняе.
Да конкурсу далучыліся і мае дзеці. Калі на выхадныя прыязджалі да таты ў Белаю Ваду, ён расказваў, як карысталіся той ці іншай прыладай, розныя жыццёвыя гісторыі, з ёй звязаныя, а ўнукі слухалі, стаіўшы дыханне. Гэты конкурс яшчэ больш злучыў сям’ю.
Генрых Калтан:
– Я, падобна, уключыўся ў конкурс апошнім, ды і то выпадкова. Чытаю неяк газету: “Генрых Генрыхавіч расказаў…” А я ж ні сном, ні духам! Аказваецца, ёсць іншы Генрых Генрыхавіч, толькі Лукашэвіч, які – і сном, і духам! (Усміхаецца.) Пачытаў матэрыял, зацікавіўся – і сам стаў дасылаць адказы.
Рэгіна Дрэма:
– Усе дзедаўскія прылады – гэта маё дзяцінства, успаміны, якія заўсёды са мной. Конкурс нават натхніў на заметку пра газавы ліхтар, які муж перарабіў на электрычны і ён цяпер вісіць на рагу хаты. А ўвогуле я ўдзельнічаю ва ўсіх рэдакцыйных конкурсах. “Астравецкая праўда” зрабіла мяне папулярнай: на вуліцы пазнаюць, у магазінах лепшы тавар прапаноўваюць…
Наталля Блахіна:
– Конкурс акунуў у дзяцінства. З заданняў не адгадала толькі лучыну – расла ўжо пры электрычнасці. З мухалоўкай была асобная гісторыя: мы, малыя, праводзілі цэлыя даследаванні са злоўленымі мухамі: назіралі за імі, потым выпускалі, за што на нас, вядома ж, сварыліся. У рэзгінах мяне самую некалі насілі. Машынкай мы стрыглі ката. Вельмі чакала заданне пра маслабойку, у мяне шмат гісторый пра гэтую прыладу – на жаль, не дачакалася…
Хочацца падзякаваць калектыву “Астравецкай праўды” за гэты конкурс. Вы – сапраўдныя прафесіяналы, летапісцы і стваральнікі нашай агульнай гісторыі. З нецярплівасцю будзем чакаць новых сустрэч, конкурсаў і праектаў.
Усім сястрыцам па завушніцах
Найбольш балаў па суме ўсіх тураў конкурсу – 124 – набрала Аляксандра Працута: у яе першае месца.
На другім са 104 баламі – Таццяна Бразевіч.
На трэцім Ірына Яновіч: у яе 88 балаў.
Усе пераможцы і актыўныя ўдзельнікі конкурсу “Дзедаўская прылада” атрымалі Дыпломы, памятныя падарункі і сувеніры.
