Падведзены вынікі конкурсу: каму дастаўся індык?
У канцы лістапада «Астравецкая праўда» аб’явіла конкурс на лепшае віншаванне да калядных і навагодніх свят і паабяцала ў якасці прыза ўручыць індыка ад фермерскай гаспадаркі “Астравецкая”. І амаль адразу ж у рэдакцыю пачалі прыходзіць віншаванні.
На жаль, было іх няшмат – ці то людзі не паверылі, што сапраўды можна выйграць індыка, ці то пашкадавалі грошай, каб заплаціць за віншаванне. Але як бы ні было, у калядным нумары мы надрукавалі ўсе віншаванні – і ўзяліся за судзейства. І па набранай колькасці балаў калектывам рэдакцыі было выбрана лепшае віншаванне – пераможцай конкурсу стала Наталля Бяляева з Магілёва.
Нягледзячы на тое, што цяпер Наталля жыве ў Магілёве, высветлілася, што яна наша зямлячка, да таго ж пастаянны чытач «Астравецкай праўды». Некалькі гадоў назад Наталля ўжо дасылала свае вершы ў раённую газету і друкавалася ў нас.
Пра конкурс Наталля даведалася ад сваёй маці Чаславы Мікалаеўны Сярогінай, і адразу ж вырашыла: трэба ўдзельнічаць! А напярэдадні Новага года Наталля разам з маці завіталі ў рэдакцыю за абяцаным прызам – індыком ад фермерскай гаспадаркі “Астравецкая”. Індык прыйшоўся якраз дарэчы – у дзень уручэння прыза Наталля святкавала юбілей.
І напярэдадні Новага года і праваслаўнага Ражаства Наталля яшчэ раз віншуе ўсіх астраўчан і калектыў фермерскай гаспадаркі “Астравецкая” з надыходзячымі святамі.
Алена ЯРАШЭВІЧ, фота аўтара.