Падсобныя гаспадаркі будуць абследаваны
Аб правядзенні выбарачнага абследавання асабістых падсобных гаспадарак грамадзян, якія пастаянна пражываюць у сельскай мясцовасці
Пачынаючы з 1 ліпеня 2011 года, ва ўсіх абласцях рэспублікі органамі дзяржаўнай статыстыкі будзе штомесяц праводзіцца выбарачнае абследаванне асабістых падсобных гаспадарак грамадзян, якія пастаянна пражываюць у сельскай мясцовасці.
Абследаванне будзе праводзіцца з мэтай вывучэння ўзроўню развіцця асабістых падсобных гаспадарак сельскага насельніцтва, удасканалення парадку збору інфармацыі аб аб’ёмах вырабленай у іх прадукцыі раслінаводства і жывёлагадоўлі.
Да гэтага часу адзінай крыніцай інфармацыі аб гэтых аб’ёмах з’яўляўся пагаспадаркавы ўлік.
Аднак, як паказала практыка, збор інфармацыі метадам суцэльнага ўліку з’яўляецца працаёмкім і нерацыянальным. Тым больш што міжнародная статыстычная практыка мае станоўчы вопыт па вывучэнню аб’ёмаў вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі ў гаспадарках насельніцтва на аснове выбарачнага метаду назірання. Дадзены метад у статыстыцы прызнаны эфектыўным, эканамічным, аб’ектыўным і паспяхова прымяняецца ў многіх краінах, уключаючы краіны СНД і Еўрасаюза.
Міжнародны вопыт паказаў, што пры правільным фарміраванні выбарачнай сукупнасці, можна атрымліваць такія ж дакладныя дадзеныя, што і пры суцэльным метадзе ўліку, але са значнай эканоміяй выдаткаў.
Для правядзення абследавання Белстатам сумесна з Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэтам сфарміравана выбарачная сукупнасць раёнаў, сельсаветаў, населеных пунктаў і асабістых падсобных гаспадарак сельскага насельніцтва.
У Гродзенскай вобласці адабрана для правядзення выбарачнага абследавання 12 раёнаў. У кожным з іх адабраны 1 сельсавет, у якім – 1 населены пункт, у кожным населеным пункце – 45 асабістых падсобных гаспадарак (хатніх гаспадарак).
Наш Астравецкі раён таксама трапіў у выбарку, і для правядзення абследавання ў нас выбраны Гервяцкі сельсавет і аграгарадок Гервяты. Абследаванне будуць праводзіць спецыялісты, прыцягнутыя для гэтых мэтаў органамі дзяржаўнай статыстыкі, і на перыяд правядзення абследавання ім будуць выдадзены спецыяльныя пасведчанні.
Выбарачнае абследаванне грунтуецца на прынцыпах добраахвотнага ўдзелу ў ім сельскіх грамадзян.
Хатнія гаспадаркі, якія трапілі ў выбарку, перад пачаткам абследавання (у чэрвені г.г.) атрымаюць ліст-зварот Нацыянальнага статыстычнага камітэта Рэспублікі Беларусь, у якім прапісаны мэты, умовы і задачы правядзення выбарачнага абследавання і просьба прыняць удзел у выбарачным абследаванні. Ліст-зварот накіроўваецца грамадзянам з мэтай азнаямлення іх з арганізацыйнымі прынцыпамі правядзення выбарачнага абследавання.
Спецыялісты, якія будуць ажыццяўляць абследаванне, з 1 па 5 ліпеня 2011 года сфарміруюць участкі ў населеных пунктах. Кожны такі ўчастак будзе складацца з 45 прысядзібных гаспадарак.
Пры першым наведванні такой гаспадаркі спецыяліст, які праводзіць абследаванне, абавязкова павінен паказаць сваё пасведчанне – для таго, каб грамадзяне маглі пераканацца ў тым, што ён з’яўляецца работнікам органаў дзяржаўнай статыстыкі, і былі ўпэўнены ў тым, што яго дзеянні накіраваны толькі на сумеснае супрацоўніцтва.
Акрамя таго, органы дзяржаўнай статыстыкі гарантуюць канфідэнцыяльнасць персанальных дадзеных, атрыманых у ходзе абследавання. Спецыялістам, якія праводзяць абследаванне, забараняецца абнародаваць адказы на пытанні і вынікі выбарачнага абследавання.
Пры правядзенні выбарачнага абследавання прадугледжаны два метаду збору інфармацыі: правядзенне апытання рэспандэнтаў і запаўненне формаў самімі рэспандэнтамі (членамi гаспадарак).
Органы дзяржаўнай статыстыкі выказваюць надзею на плённае супрацоўніцтва.
Святлана ШЛЫКОВІЧ, начальнік раённага аддзела статыстыкі.