Падарункі да школы
У сярэдзіне жніўня наведвальнікі астравецкага рынка маглі ўбачыць там незвычайную карціну – маладыя хлопцы і дзяўчаты ў белых і чырвоных майках і кепках хадзілі па гандлёвых радах і заклікалі ўсіх прыняць удзел у дабрачыннай акцыі “Нашы сэрцы – дзецям!”
Менавіта пад такой назвай прайшла раённая акцыя “Разам збяром дзяцей у школу”, якую правялі валанцёры РА “Чырвоны Крыж”. Дарэчы, гэта ўжо становіцца добрай традыцыяй – у мінулым годзе валанцёры-дабрачынцы таксама падарылi подарки, дапамагалі сабраць у школу дзетак, бацькоў якіх хвалююць зусім іншыя праблемы.
Сёлета, як і ў мінулым годзе людзі з разуменнем аднесліся да гэтай праблемы і ахвотна ахвяравалі – хто грошы ў скарбонку, хто – школьныя прылады, купленыя тут жа, на рынку, а нехта – адзенне ці абутак. Асаблівую падзяку арганізатары акцыі выказваюць усім прыватным прадпрымальнікам, якія прынялі ўдзел у дабрачыннай акцыі. У выніку, дзякуючы намаганням усіх нераўнадушных, было сабрана дастаткова новага адзення, абутку, школьных прылад.
А ў мінулую сераду сабраныя рэчы і сродкі адправіліся па адрасах – у першую чаргу, маленькім жыхарам Варнянскага сацыяльнага прытулку і іншым дзецям з малазабяспечаных сем’яў. Трэба было бачыць, з якой радасцю і нецярплівым захапленнем малышы прымяралі адзенне і абутак, разглядалі алоўкі, ручкі, сшыткі і ўяўлялі, якімі прыгожымі яны пойдуць першага верасня ў школу.
Марына МАЦКЕВІЧ.
