“Падарожжа сяброў” Івана Сапіча ўвайшло ў лік лепшых работ на “#ПазнайБеларусь”

Вучань СШ №1 Іван Сапіч заняў 3-е месца ў намінацыі “Відэаролік” на рэспубліканскім конкурсе сацыяльнай рэкламы “#ПазнайБеларусь”.
Дарэчы, гэта не першая спроба ўдзелу юнака ў вышэйзгаданым конкурсе. У мінулым годзе ён таксама дасылаў відэа, якое не засталося не заўважаным.
Іван і яго малодшы брат Ілля захапляюцца мультыплікацыяй і здымаюць ролікі на разнастайныя тэмы. Падахвочваемы яшчэ і класным кіраўніком Інэсай Золатавай, летась Іван, вядома ж, пры дапамозе брата, зрабіў відэа пра сяброў Бусляня і Зубраня, якія вырашылі наведаць у Беларусі знаёмыя і незнаёмыя мясціны. Мультыплікацыйны ролік адправілі на конкурс , і ён быў адзначаны сярод 900 работ прызом глядацкіх сімпатый. А журы параіла юнаку не спыняцца і развівацца ў гэтым накірунку далей, што Іван у тандэме з братам і зрабіў.

У гэтым годзе астраўчанін даслаў працяг падарожжа Бусляняці і Зубраняці па нашай краіне. Атрымалася больш цікавае і прафесійнае відэа. На гэты раз хлопец атрымаў Дыплом 3-й ступені.
– Канешне, узрадаваўся, – падзяліўся ўражаннямі Іван Сапіч. – Сярод узнагароджаных было нямала дарослых, якія займаюцца відэа прафесійна. Мы з братам з катэгорыі аматараў, таму гэтая адзнака яшчэ больш значная і важкая для нас. Хацелася паказаць, што ў нашай краіне шмат адметных мясцін, якія варта наведаць і пра якія ведае далёка не кожны беларус. Прыемна, што нашу работу запомнілі з мінулага года, а сёлета адзначылі дыпломам. Ці буду ўдзельнічаць яшчэ? Абавязкова! Пастараемся зрабіць ролікі яшчэ больш пазнавальнай, цікавай і якаснай. Ёсць да чаго імкнуцца.
Фота з архіва І. Сапіча.
