Па выніках 2023 года сектар культуры Астравецкага райвыканкама заняў 1 месца ў вобласці
У Гродне на абласной калегіі ўпраўлення культуры падвялі вынікі работы ўстаноў культуры рэгіёна за 2023 год і акрэслілі задачы на 2024-ты.
Прыемна, што ў лік лепшых у гэтай сферы трапіў Астравецкі раён – нашы землякі неаднойчы выходзілі на ўзнагароджанне.
Так, майстру народных промыслаў аддзела традыцыйнай культуры і рамёстваў раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Алене Малышавай і педагогу дадатковай адукацыі цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Валянціне Віннічак, якія шмат гадоў займаюцца саломапляценнем, уручылі пасведчанні народных майстроў Рэспублікі Беларусь. Дарэчы, у мінулым годзе на Гродзеншчыне гэтае званне атрымала 5 чалавек, і тым больш пачэсна, што 2 з іх – астраўчане.
Ганаровай граматай упраўлення культуры аблвыканкама за высокі прафесіяналізм і творчую дзейнасць, значны асабісты ўклад у развіццё і прапаганду беларускай культуры адзначана альхоўскі бібліятэкар Юлія Заруба. Нагадаем, у 2023 годзе яе сумесны з настаяцелем мясцовай царквы айцом Мікалаем праект «Бібліятэка – тэрыторыя духоўнасці» заняў 3 месца на рэспубліканскім конкурсе.
Перамогу святкаваў сектар культуры Астравецкага райвыканкама: у штогадовым абласным спаборніцтве горада Гродна і раёнаў вобласці за дасягненне высокіх паказчыкаў у 2023 годзе атрымаў Ганаровую грамату за І месца.
– Нашу працу ацэньвалі па 16-ці пазіцыях, сярод якіх: павелічэнне заработнай платы, пазабюджэтныя даходы, колькасць калектываў і праведзенных мерапрыемстваў, наведванне чытачамі бібліятэк і іншыя. Адзначу, што ў 2021-м мы былі 12-мі, у 2022-ім – 5-мі, – расказала загадчык сектара культуры Вольга Баяровіч. – Сёлетняя перамога адбылася дзякуючы рабоце ўсіх нашых структур: дзіцячай школы мастацтваў, музея, цэнтра культуры, бібліятэк. На працягу года мы працавалі плённа і старанна, удзельнічалі ў абласных і рэспубліканскіх конкурсах, заваёўвалі ўзнагароды. У мінулым годзе 3 калектывв («Жыльвіціс», «Кемяліна» і «Рэха Астраўца») атрымалі званне народных, што таксама пайшло ў залік.

– Гэта наша агульная перамога! Дзякую ўсім кіраўнікам і кожнаму спецыялісту за прафесіяналізм і якасную працу. Цяпер галоўнае трымаць пазіцыю і працягваць у тым жа духу! – дадала Вольга Віктараўна. – Задача, якую мы ставім перад сабой, – зрабіць брэнд раёна. Зараз актыўна займаемся гэтым і плануем, што ў бліжэйшы час на Астравеччыне з’явіцца яскравае мерапрыемства, на якое паедуць людзі з усёй Беларусі.
Фота з тэлеграм-канала «Культура Гродненщины».
