Пьяным за руль не садись!

Спакуслівыя “пяцьдзясят грамаў” у руках, легкавы “конь” побач... І адвечны выбар – што рабіць? І ліхаманкава-авантурная думка: “Ай, пранясе…” А пасля становіцца позна – прасіць, шкадаваць, спрабаваць нешта змяніць.

Законам Рэспублікі Беларусь ад 12 ліпеня 2013 года №60-3 унесены змяненні і дапаўненні, у тым ліку і ў Крымінальны кодэкс (КК) РБ, накіраваныя на ўзмацненне мер адказнасці за кіраванне транспартам у стане алкагольнага ап’янення. У прыватнасці, змянілася санкцыя ч.1 арт. 317-1 КК – кіраванне транспартам нецвярозым, перадача кіравання выпіўшай асобе або адмова ад праходжання праверкі (агляду). Новая рэдакцыя прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі да двух гадоў з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасцю. З санкцый ч.1 і ч.2 арт.317-1 КК выключана такая мера ў якасці асноўнага пакарання, як пазбаўленне права займаць пэўныя пасады ці займацца пэўнай дзейнасцюса штрафам. Ч.6 арт.61 КК дапоўнена: “Незалежна ад права ўласнасці належыць спецыяльнай канфіскацыі транспарт, якім кіравала асоба, якая здзейсніла злачынства, прадугледжанае арт.317 дзеючага Кодэкса (за выключэннем транспарту, выбыўшага з законнага ўладання ўласніка (карыстальніка) супраць яго волі ці ў выніку супрацьпраўных дзеянняў іншых асоб)”. Гэтыя змяненні і дапаўненні ў КК уступілі ў дзеянне з 24 кастрычніка 2013 года.
Аднак, нягледзячы на ўсе ўзмоцненыя меры і пакаранні, выпіўшых смельчакоў, якія садзяцца за руль, менш не стала. У кастрычніку – снежні 2013 года раённым аддзелам Следчага камітэта ўзбуджана 3 крымінальныя справы па прыведзеных артыкулах. За восем месяцаў гэтага года іх – ужо 9.
Так, жыхар Мінскай вобласці грамадзянін А., які працуе старшым майстрам аднаго з прадпрыемстваў, задзейнічаных на будаўніцтве Беларускай АЭС, прыгаворам суда Астравецкага раёна ад 2 верасня 2014 года прызнаны вінаватым у кіраванні транспартам у нецвярозым стане, пры гэтым здзейсненым паўторна на працягу года. Ён ужо быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за першае парушэнне, але гэта не спыніла яго перад паўторным.
На судовым пасяджэнні было ўстаноўлена, што грамадзянін А. 26 мая каля 6.05 у стане алкагольнага ап’янення ехаў на аўтамабілі “Аўдзі А8”.
Аднак на 13 кіламетры аўтадарогі Мінск – Гродна быў затрыманы супрацоўнікамі Дзяржаўтаінспекцыі Мінскага ўпраўлення ўнутраных спраў. Пастановай начальніка УУС адміністрацыі Фрунзенскага раёна мужчына быў пакараны штрафам у памеры 70 базавых велічынь (10 мільёнаў 500 тысяч) з пазбаўленнем права кіравання транспартам тэрмінам на 3 гады.
Аднак ужо 8 ліпеня гэтага ж года прыкладна ў 7.15 грамадзянін А. зноў сеў за руль свайго аўтамабіля нецвярозым. Не спыніла яго і адсутнасць правоў. На вуліцы Бялькішкі Астраўца яго сустрэлі супрацоўнікі ДАІ. Зараз мужчыну “свецяць” выпраўленчыя работы на 2 гады з утрыманнем у даход дзяржавы 20 працэнтаў заробку – не менш адной базавай велічыні штомесяц. Акрамя гэтага, парушальнік 5 гадоў не зможа займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартам. Прыйшлося развітацца яму і са сваім аўтамабілем: “Аўдзі А8” канфіскаваны.
Такім чынам, перш чым выпіць гэтыя спакуслівыя “пяцьдзясят грамаў” і сесці за руль, добра падумайце – расплачвацца прыйдзецца вельмі дорага.


----------------------------------------
А. МАРЦІНЧЫК, пракурор Астравецкага раёна.