Открылся новый магазин

У Астраўцы адкрыўся яшчэ адзін, трэці па ліку, фірменны магазін Ашмянскага мясакамбіната з такой жа фірменнай “смачнай” назвай “Пачастунак”.

Астраўчане ўжо даўно палюбілі ашмянскія прысмакі. Ды і чаму ж іх не любіць: сыравіна – натуральная, якасць – на высокім узроўні, асартымент – разнастайны, цэны – памяркоўныя і на любы кашалёк… Не дзіва, што ў абодвух фірменных магазінах Ашмянскага мясакамбіната, што дзейнічаюць зараз у Астраўцы, пакупнікоў заўсёды шмат…


Зараз у астравецкіх аматараў ашмянскай каўбаскі з’явіцца яшчэ адно месца “паломніцтва”: трэці на тэрыторыі раёна “Пачастунак” адкрыўся ў мінулы аўторак паблізу раённай бальніцы.


– Калі Адам Дзмітрыевіч Кавалька ў адказ на просьбу выдзеліць месца для будаўніцтва новага магазіна прывёз мяне сюды, я была здзіўлена: хто прыйдзе сюды, у чыстае поле, купляць наш тавар? – расказвае дырэктар Ашмянскага мясакамбіната Тамара Уладзіміраўна Філіповіч. – Але Адам Дзмітрыевіч расказаў, што неўзабаве тут будзе цэнтр горада – мікрараён, у якім стануць жыць мінімум 5 тысяч жыхароў.


Другі мікрараён, які неўзабаве стане цэнтрам горада энергетыкаў, расце на вачах. Але і без таго, думаецца, новы “Пачастунак” пуставаць не будзе: побач – бальніца, якая штодня гудзе, як вулей. Асартымент у новым магазіне – самы разнастайны: не толькі фірменныя мяса ды каўбасы, а практычна ўвесь набор прадуктаў харчавання, пачынаючы ад бакалеі і заканчваючы гароднінай і фруктамі.


– Сёння канкурэнцыя на рынку вельмі высокая, – гаворыць Тамара Уладзіміраўна. – І развіццё фірменнага гандлю патрэбна нам не столькі для атрымання прыбытку – вы ж самі бачыце, што мы не гонімся за цэнамі – колькі для таго, каб данесці свой тавар да пакупніка. На сённяшні дзень у нас дзейнічае каля 30 магазінаў фірменнага гандлю ў розных гарадах. І спыняцца мы не збіраемся. Дарэчы сказаць, у Астраўцы, у першым мікрараёне, які зараз актыўна забудоўваецца, мы ў хуткай будучыні плануем адкрыць яшчэ адзін фірменны двухпавярховы магазін, на другім паверсе якога размесціцца кафэ.


Адкрывалі новы магазін не толькі ўрачыста, але і прыгожа: гучала музыка – і не якая там “тыц-тыц-тыц”, а прыгожыя беларускія песні. Шматлікіх пакупнікоў, якія не маглі дачакацца, калі ж нарэшце можна  будзе ацаніць асартымент і цэны, прывіталі дырэктар Ашмянскага мясакамбіната Т.У. Філіповіч і старшыня райвыканкама А.Д. Кавалька.


– Я хачу падзякаваць калектыву Ашмянскага мясакамбіната не толькі за адкрыццё на тэрыторыі нашага раёна новых магазінаў, якія карыстаюцца нязменнай папулярнасцю ў жыхароў і гасцей горада, але найперш – за цеснае і плённае супрацоўніцтва з Астравецкім раёнам на працягу многіх гадоў, – сказаў Адам Дзмітрыевіч Кавалька.


– Прыкладна 90 працэнтаў мяса, што вырошчваецца ў гаспадарках нашага раёна, мы адпраўляем на перапрацоўку ў Ашмяны. І заўсёды адчуваем разуменне і падтрымку з боку кіраўніцтва мясакамбіната.


…Перарэзана чырвоная стужачка – і народ хлынуў у гандлёвую залу. Скажу шчыра: такіх чэргаў я не бачыла даўно. І практычна кожны пакупнік пакідаў краму з ашмянскімі пачастункамі. А гэта значыць, што даспадобы людзям прыйшліся і новы магазін, і прадукцыя мясакамбіната.


____________________


Ніна РЫБІК,


фота Аляксандра ЮШЧУКА.