Островецкий гортоп отметил 50-летие
Ужо паўстагоддзя невялікая па колькасці працаўнікоў арганізацыя забяспечвае насельніцтва ўсяго раёна палівам: напачатку свайго існавання – вуглём, сёння – дровамі і торфабрыкетам.
ПАЧАТАК
Рашэннем Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных №2 і загадам аддзела Гродзенскага аблпаліва №61 1 кастрычніка 1972 года быў створаны Астравецкі райпалзбыт.
Астравецкі філіял дзяржаўнага прадпрыемства па забеспячэнні палівам «Гроднааблпаліва» быў рэарганізаваны 10 лістапада 2006 года.
Першым дырэктарам прызначылі Канстанціна Карсюка, які кіраваў прадпрыемствам 9 гадоў.
У сакавіку 1981 года яго змяніла Часлава Багдановіч. Менавіта пры ёй пачала будавацца база райпалзбыту, якая была здадзена ў эксплуатацыю ў 1991 годзе: на ўскрайку Астраўца выраслі адміністрацыйны будынак, вагавая, гараж, склад для брыкету, з’явілася вялікая пляцоўка, дзе захоўваліся дровы і вугаль.
З 1991 па 2012 год райпалзбытам кіравалі Браніслаў Букель, Яўген Андралойць. У гэты час арганізацыя набыла аўтатранспарт і абсталяванне па раздзелцы дроў. Памочнікамі кіраўніцтва, якія ўнеслі значны ўклад у развіццё гарпаліва, былі галоўны бухгалтар Марыя Бруйко, загадчыкі склада Генуэфа Сцефановіч і Таццяна Бажок.

СЁННЯШНІ ДЗЕНЬ
Апошняе дзесяцігоддзе Астравецкі філіял аблпаліва ўзначальвае Валерый Шлыковіч, надзейнымі памочнікамі якога да нядаўняга часу былі галоўны эканаміст Ядвіга Пашук і эканаміст па збыце Таццяна Еўлашова, якія аддалі астравецкаму аблпаліву па тры дзясяткі прафесійных гадоў. Жанчыны пайшлі на заслужаны адпачынак, на іх месца прыйшлі маладыя – жыццё прадпрыемства працягваецца…
З 2012 года арганізацыя, акрамя асноўнай дзейнасці, звязанай з рэалізацыяй насельніцтву цвёрдых відаў паліва, займаецца іх дастаўкай, колкай дроў, продажам тэхнічных газаў і торфам. Дадатковы прыбытак атрымлівае ад стаянкі для вялікагрузнай тэхнікі і штрафстаянкі.
З УСПАМІНАЎ
Ядвіга Пашук, працавала галоўным эканамістам у 1988-2020 гады:
– Спачатку райпалзбыт месціўся ў белым будынку ў цэнтры Астраўца – дзе сёння гарадская плошча. Гэта быў маленькі дамок. Калі я прыйшла, яго знеслі – і мы арандавалі 2 кабінеты ў будынку МБА (механізаваная будаўнічая арганізацыя. – Заўв.аўт.): адзін – для дырэктара, другі – працаўнікам, нас у кабінеце сядзела пяцёра. Дзесьці ў 1991 годзе арганізацыя атрымала сваю базу з вялікай тэрыторыяй, дзе знаходзіцца і сёння.
Адміністрацыйны будынак быў з цэглы, звонку і ўнутры патрабаваў рамонту. Першая тынкоўка на яго сцены лягла, калі дырэктарам быў Яўген Андралойць. З таго часу мы яго паступова рамантавалі – сваімі сіламі…
Астравецкія людзі ў пачатку 80-х дысцыплінаванымі былі. Тэрыторыя райпалзбыта па першым часе знаходзілася ў полі, за вуліцамі Маркава і Садовай. Там ляжала каля 5 тысяч тон вугля – і ніхто яго не браў!
У тыя гады ў асноўным арганізацыя і займалася яго продажам, былі, канешне, дровы і брыкет, але не ў такой колькасці.
Паліва насельніцтву развозілі вялікагрузныя машыны – тон па 11 кожная. Адна машына адгружалася на пяць падвор’яў.
Дзесьці ў 2005 годзе перайшлі на мясцовыя віды паліва, вуглю не стала, а вось аб’ёмы дроў павялічыліся.
Тады ж пачалі рэалізоўваць цэмент, шыфер і іншыя будаўнічыя матэрыялы, а таксама камбікорм – тое, што заўсёды патрэбна людзям.
ЛІЧБЫ
У 80-90-я райпалзбыт рэалізоўваў у год: брыкет – 2 000 кубічных метраў, вугаль – 5 000, дровы – 800.
У 2021-м: брыкет – 2 600 метраў кубічных, дровы – 8 778 кубоў.

Былы дырэктар (1981-1991 гг.) Часлава Багдановіч

Цяперашні кіраўнік Валерый Шлыковіч

Галоўны бухгалтар (2002-2012 гг.) Валянціна Стамкоўская

Былы майстар участка Ванда Узарэвіч

Былы вадзіцель (2002-2012 гг.) Аляксандр Станкевіч

