Островецкий ЗАГС встретит своих посетителей в новом современном облике
Сёлета спаўняецца 95 гадоў з дня ўтварэння органаў запісу актаў грамадзянскага стану, якія ад імя дзяржавы ажыццяўляюць функцыю па рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану.
18 снежня 1917 года Усерасійскі Цэнтральны Выканаўчы Камітэт і Савет Народных Камісараў РСФСР выдалі дэкрэт “Аб грамадзянскім шлюбе і аб вядзенні кніг актаў грамадзянскага стану”. З гэтага дня рэгістрацыя нараджэнняў, шлюбаў і смерці ў Савецкай Расіі была адабрана з духоўнага ведамства, якое рэгістравала гэтыя падзеі ў метрычных кнігах, пачынаючы з 18 стагоддзя.
У адпаведнасці з Кодэксам Рэспублікі Беларусь аб шлюбе і сям’і, які сёння дзейнічае ў нашай краіне, органы ЗАГС ажыццяўляюць рэгістрацыю нараджэння, заключэння шлюбу, смерці, скасавання шлюбу, усынаўлення, устанаўлення бацькоўства, змены прозвішча, імя, імя па бацьку і іншыя працэдуры.
Сёння органы ЗАГС садзейнічаюць уліку натуральнага руху насельніцтва. Яны стаяць на абароне законных праў і інтарэсаў грамадзян, паколькі дакументы, якія выдаюцца органамі ЗАГС, носяць праваўстанаўліваючы характар і маюць вялікае значэнне ў жыцці кожнага чалавека. Так, пасведчанне аб нараджэнні, якое выдаецца пры рэгістрацыі дзіцяці, індывідуалізуе асобу, упершыню дакументальна зацвярджае ўзнікненне ў грамадзяніна праваздольнасці і з’яўляецца асноўным дакументам грамадзяніна на працягу ўсяго жыцця.
Сістэма органаў ЗАГС, якая сёння існуе, прайшла складаныя перыяды ў сваім развіцці. Органы ЗАГС з дня ўтварэння не спынялі сваёй дзейнасці нават у самых складаных умовах, у тым ліку і ў гады вайны, збіраючы бясцэнны архіў, які пастаянна выкарыстоўваецца ў практычных мэтах.
Сёння не можа не радаваць, што на працягу гэтага года ў нашым ЗАГСе адбыліся прыемныя змены – праведзены рэканструкцыя і рамонт аддзела ЗАГСа, і з новага 2013 года ЗАГС будзе прымаць наведвальнікаў у новых сучасных і прыгожых памяшканнях.
Напярэдадні свята і Новага года хачу павіншаваць сваіх былых калег, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку, Марыю Васільеўну Мядзелец, Галіну Уладзіміраўну Лукша і ўсіх жыхароў Астравецкага раёна, пажадаць усім моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, шчасця, прыемнага навагодняга настрою і спаўнення ўсіх запаветных жаданняў.
Людміла ТУМАНАВА, начальнік аддзела ЗАГС Астравецкага райвыканкама.



