Островецкий лесхоз стал третьим в области
Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь штогод вызначае эканамічны рэйтынг на падставе галоўных паказчыкаў работы лясгасаў: вытворчая дзейнасць, умовы працы, будаўніцтва, узровень зарплаты. Астравецкі лясгас у гэтым рэйтынгу заняў 3 месца ў вобласці і 13 месца ў рэспубліцы.Рашэннем абкама прафсаюза Астравецкаму лясгасу прысуджана 1 месца за перамогу ў абласным галіновым аглядзе-конкурсе на лепшую пастаноўку фізкультурна-аздараўленчай і спартыўнай работы сярод пярвічных прафсаюзных арганізацый за 2012 год.
У студзені ў Магілёве прайшла рэспубліканская зімняя спартакіяда сярод працаўнікоў лясной гаспадаркі, на якой упершыню каманда Гродзенскага ГВЛГА заняла III месца. Чатыры з шаснаццаці спартсменаў – работнікі Астравецкага лясгаса. За зборную вобласці выступалі: Уладзімір Салавей – ляснік Спондаўскага лясніцтва; Наталля Духновіч – бухгалтар дрэваапрацоўчага цэха; Аксана Сацура – інжынер па падрыхтоўцы кадраў; Вераніка Лукашэвіч – бухгалтар Спондаўскага лясніцтва.
Каманда лясгаса заняла IV месца ў абласной зімняй спартакіядзе сярод работнікаў лясной гаспадаркі. У асабістым заліку Уладзімір Салавей, Наталля Духновіч у сваіх узроставых групах былі першымі, Аксана Сацура заняла 2-е месца, а начальнік дрэваапрацоўчага цэха Дзмітрый Волк-Леановіч стаў трэцім.
Добры вынік на спартакіядзе па відах, якія пойдуць у залік летняй спартакіяды, паказалі прадстаўніцы прыгожай паловы астравецкай лясной гаспадаркі. Аляксандра Цэйко, бухгалтар Падольскага лясніцтва, стала першай па шашках. Анастасія Керна, майстар лесу, прадэманстравала выдатныя здольнасці ў дартсе і паднялася на першую прыступку.
----------------------
Алена ГАНУЛІЧ.