Островецкий лесхоз проводит конкурс на лучшую кормушку для зимующих птиц

1
конкурс кормушекНа вуліцы валадарыць сапраўдная зіма – з іскрыстым снегам, вялікімі гурбамі і марозам. Птушкам, якія штогод застаюцца зімаваць на Беларусі, сёлета не пазайздросціш – ім трэба пастарацца, каб адшукаць зярнятка ці ягадку. Менавіта пагэтаму ДЛГУ “Астравецкі лясгас” аб’яўляе конкурс на лепшую кармушку для зімуючых птушак. Апошні дзень прыёму работ – 29 лютага 2016 года.

Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца ўсе ўстановы адукацыі, у тым ліку і дашкольныя, асобныя класы, групы дзяцей. Прымаюцца таксама індывідуальныя работы, зробленыя дзецьмі пры дапамозе бацькоў.
Усё што патрэбна – гэта ваша фантазія і старанне пры стварэнні кармушкі. Работы прымаюцца непасрэдна ў Астравецкім лясгасе па адрасе: г. Астравец, вул. Валадарскага, 36. Не забудзьце да вырабу дадаць заяўку з пазначэннем імя, імя па бацьку, прозвішча, кантактнага тэлефона, класа, назвы і адраса ўстановы адукацыі.
Кампетэнтнае журы, у склад якога ўвойдуць прадстаўнікі Астравецкага лясгаса і аддзела адукацыі, спорту і турызму, пры вызначэнні пераможцаў будзе ўлічваць функцыянальнае прызначэнне, арыгінальнасць выканання, знешні выгляд кармушкі і прафесійнае майстэрства, дызайнерскае рашэнне і ўпрыгожанне вырабу.
Па выніках конкурсу журы абярэ трох пераможцаў, якія атрымаюць ганаровыя Граматы І, ІІ і ІІІ ступені і грашовыя прэміі ў памеры 1,5; 1 і 0,5 мільёнаў рублёў, а заахвочвальныя прэміі атрымае самы юны ўдзельнік і школьнікі за самае незвычайнае афармленне і самую “карысную” кармушку.
Усе работы, прадстаўленыя на конкурс, будуць размешчаны ў музеі, які знаходзіцца ў адміністрацыйным будынку лесагадавальніка.

-------------------------
Алена ГАНУЛІЧ.