Островецкий лесхоз подвёл итоги года

Лесапаляўнічая гаспадарка


Нягледзячы на значнае змяншэнне асноўнага паляўнічага віду жывёлы – дзікага кабана, паляўнічыя туры на Астравеччыне не страцілі сваёй прывабнасці для айчынных і замежных паляўнічых. А новая рэдакцыя Правілаў палявання дазваляе праводзіць яго на тэрыторыі вальераў.


Дзякуючы лесапаляўнічай дзейнасці, Астравецкі лясгас атрымаў у 2014 годзе даход у 712 мільёнаў рублёў і перавыканаў даведзены гадавы план на 58 працэнтаў. Толькі паляванне замежных грамадзян прынесла ў лясгасаўскую “казну” 335 мільёнаў рублёў. Продаж ланяў і муфлонаў таксама прынёс адчувальны даход.

Нягледзячы на тое што зіма пакуль затрымліваецца, клопат аб парнакапытных вальерных утрыманцах ніхто не адмяняў. Падкормкай высакародных і плямістых аленяў, ланяў і муфлонаў займаецца егерская служба. Дзякуючы ўласным сілам і дапамозе фермера Тадэвуша Шкіруця, да зімняга перыяду ўтрымання вальерных відаў жывёл было нарыхтавана 34 тоны сена. Акрамя гэтага, “лясныя” засекі папоўніліся аўсом, кукурузным зернем і сіласам, бульбай і буракамі.

Каб палепшыць племянное пагалоўе ланяў, Астравецкі лясгас не так даўно закупіў некалькі самцоў. Напачатку студзеня лесапаляўнічая гаспадарка налічвала 94 лані, 38 муфлонаў, 23 высакародных і 12 плямістых аленяў.


Лесааднаўленне


Сёлетні год быў багаты на хвойныя шышкі, а значыць – і на насенне. Як сцвярджаюць некаторыя спецыялісты, такія ўраджайныя гады бываюць раз у сем гадоў. І лесагаспадарчыя ўстановы рэспублікі ўжо нарыхтавалі 120 тон яловых шышак, у тым ліку Астравецкі лясгас – 12 тон.


У сувязі са шчодрым на яловыя шышкі ўраджаем сёлета іх будуць збіраць з кастрычніка 2014 года па люты 2015 года.

Па словах інжынера па лесааднаўленні і лесаразвядзенні Надзеі Васільеўны Ермольчык, яловыя шышкі звычайна збіраюцца з лесасек галоўнага карыстання. У гэтым годзе для гэтых мэт у Астравецкім лясгасе выкарыстоўваецца спецыяльны пад’ёмнік, які дазваляе збіраць шышкі і з высокіх дрэў.

Пасля збору яловыя шышкі адпраўляюць на спецыяльны склад, а затым для сушкі транспартуюць у Шчучынскі лясгас. У выніку тэрмічнай апрацоўкі яловых шышак атрымліваецца “крылатка”, якую для атрымання насення патрэбна “абяскрыліць”. На спецыяльным швецкім абсталяванні ў тым жа Шчучынскім лясгасе з шышак здабываюць насенне, якое ў халадзільных камерах можа захоўвацца да дзесяці гадоў.

– Па меры неабходнасці, для ўласных патрэб або на продаж, мы ў любы час можам браць патрэбную колькасць насення ёлкі звычайнай, – тлумачыць Надзея Васільеўна. – Адзін кілаграм яго каштуе 400 еўра, пагэтаму ў пачатку наступнага года мы таксама плануем нарыхтоўваць яловае насенне.

Знешнеэканамічная дзейнасць

За 2014 год рэалізацыя прадукцыі дрэваапрацоўчага цэху прынесла 2,5 мільёнаў долараў.

Ацыліндраваная прадукцыя, абразныя піламатэрыялы, балансы, паліўныя брыкеты экспартуюцца ў многія еўрапейскія краіны: Францыю, Літву, Польшчу, Германію, Англію і Латвію.


-------------------------

Падрыхтавала Алена ГАНУЛІЧ.

Фота Г. Кавалеўскага.