Островецкий центр творчества детей и молодёжи получил подарки за участие в международном экологическом конкурсе "Зелёная планета"
Пачатак новага года прынёс шэраг падарункаў супрацоўнікам і выхаванцам Астравецкага раённага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.З 2008 года школьнікі з Астраўца прымаюць удзел у міжнародным дзіцячым экалагічным форуме “Зялёная планета”, які праводзіцца ў Маскве. І штогод скарбонка ўзнагарод выхаванцаў Астравецкага цэнтра папаўняецца граматамі міжнароднага ўзроўню. Напрыклад, у мінулым годзе “Зялёная планета” прынесла выхаванцам цэнтра творчасці пяць Дыпломаў.
Сёлета ўдзельнікамі міжнароднага конкурсу сталі 22 тысячы дзіцячых калектываў, а гэта больш за 500 тысяч дзяцей і падлеткаў з 16 краін свету. Сярод канкурсантаў з Арменіі, Балгарыі, Бразіліі, Германіі, Італіі, Казахстана, Кітая, Малдовы, Манголіі, Расіі, Румыніі, Славакіі, Узбекістана, Украіны і Эстоніі былі і беларускія дзеці.
Штогод конкурс праходзіць у дзевяці намінацыях. Сёлета ён быў прысвечаны ахове навакольнага асяроддзя.
Яшчэ ў мінулым годзе нашы школьнікі адаслалі шэраг сваіх работ на 11 Міжнародны дзіцячы экалагічны форум “Зялёная планета-2013”. І зусім нядаўна атрымалі заслужаныя ўзнагароды.
Так, у міжнародным конкурсе малюнкаў “Зялёная планета вачыма дзяцей” дыпломы лаўрэтаў атрымалі Ліза Букель, Валерыя Шлыковіч, Марыя Зімніцкая і Ксенія Бараноўская (кіраўнік усіх работ – педагог цэнтра творчасці дзяцей і моладзі А.М. Букель).
Дыпломы лаўрэатаў нашы школьнікі таксама атрымалі ў намінацыі “Вырабы з прыроднага матэрыялу”. Лаўрэатамі конкурсу сталі Арына Букель і Аліна Мацкевіч (кіраўнік – А.М. Букель), Кацярына Дыско, Наталля Арлоўская і Дзіяна Гейба (кіраўнік – В.В. Віннічак) і Вікторыя Мілаш (кіраўнік – Я.І. Мілаш).
Дыпломамі лаўрэтаў міжнароднага конкурсу “Зялёная планета” былі адзначаны выхаванкі гуртка “Залаты вернісаж” са сваім кіраўніком Валянцінай Вільеўнай Віннічак у конкурсе мадэляў адзення “Сучаснасць і традыцыя”.
А Астравецкі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі атрымаў Грамату за вялікі ўклад у фарміраванне экалагічнай культуры дзяцей і падлеткаў, захаванне культурнай спадчыны роднага краю, арганізацыю і правядзенне нацыянальнага этапу 11 Міжнароднага дзіцячага экалагічнага форума “Зялёная планета-2013”.
Віншуем пераможцаў!
-------------------------
Алена ЯРАШЭВІЧ.
