Островецкие журналисты на первом белорусско-российском форуме "Общий взгляд в будущее"
Два дні новых уражанняў, разнастайных эмоцый, насычаных падзей. Больш за сто дваццаць маладых прадстаўнікоў мас-медыйнай прасторы ўсіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама – з Масквы, Смаленскай і Бранскай абласцей Расіі. Выстава работ беларускіх і расійскіх СМІ, прэзентацыя саюзных праектаў і майстар-класы прафесіяналаў. Успышкі фотакамер і адчуванне, што трапіў у эпіцэнтр маштабнай падзеі… Першы беларуска-расійскі форум маладых журналістаў “Агульны погляд у будучыню” прайшоў 15-16 лістапада ў Гомелі. На яго былі запрошаны і прадстаўнікі “Астравецкай праўды”.
На адкрыццё форума маладыя журналісты Беларусі і Расіі сабраліся ў Гомельскім абласным грамадска-культурным цэнтры.
– Маладыя журналісты будуць фарміраваць накірункі развіцця медыйнай прасторы будучыні. Пагэтаму работа па павышэнні іх кваліфікацыі – справа для нас вельмі важная і неабходная, – адзначыў падчас адкрыцця форуму намеснік міністра інфармацыі У.У. Матусевіч.
З прывітальнымі словамі да прысутных звярнуліся: намеснік старшыні Гомельскага аблвыканкама П.А. Кірычэнка, старшыня ГА “Беларускі саюз журналістаў” А.І. Лемяшонак, першы сакратар ЦК ГА “БРСМ” І.І. Бузоўскі, галоўны рэдактар газеты “Гомельская праўда” С.М. Бяспалы. Кожны з іх выказаў спадзяванне, што першы беларуска-расійскі форум пройдзе на высокім узроўні, яго работа будзе плённай і маладыя прадстаўнікі мас-медыя дзвюх саюзных дзяржаў пачэрпнуць тут карысную і цікавую інфармацыю.
Тут жа адбылося і ўрачыстае ўзнагароджанне лепшых журналістаў-настаўнікаў дыпломамі Беларускага саюза журналістаў. Дарэчы, гэтую ўзнагароду атрымала і адказны сакратар газеты “Астравецкая праўда” Надзея Сівец. Праўда, Анатоль Іванавіч Лемяшонак, уручаючы дыплом, засумняваўся: ці ж могуць настаўнікі быць такімі маладымі? Не сумнявайцеся, Анатоль Іванавіч, – могуць! Прафесіяналізм прыходзіць не з гадамі – найперш гэтая якасць залежыць ад жадання працаваць. Віншуем калегу!
Форум прадоўжыўся правядзеннем майстар-класаў пад агульнай назвай “Журналістыка ў ХХІ стагоддзі: традыцыі і навацыі”. Сярод выступленняў вопытных прафесіяналаў журналістыкі вельмі спадабалася лекцыя галоўнага рэдактара газеты “Аргументы і факты ў Беларусі” І.М. Сакалова. З дапамогай простых, але цікавых прыкладаў і жывога дыялогу з прысутнымі ён прадэманстраваў, як устойліва ўплываюць на свядомасць людзей стэрэатыпы, і ад чаго залежыць поспех маладога журналіста.
Непаўторны і прыгожы, нягледзячы на восеньскае апусташэнне, парк, дзе калісьці прагульваліся са сваімі дамамі рускія палкаводцы Румянцаў і Паскевіч, велічны палац, уладальнікамі якога яны былі ў розныя стагоддзі, дух мінулага ў якім захаваўся і сёння, маўклівы і свяшчэнны сабор святых Пятра і Паўла… Усё гэта ўбачылі маладыя журналісты падчас наведвання вядомага Гомельскага дварцова-паркавага ансамбля, з якога і пачаўся другі дзень форуму.
Працягнуўся ён пленарным пасяджэннем, у пачатку якога ўдзельнікаў прывіталі памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – начальнік Галоўнага ідэалагічнага ўпраўлення Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь У.В. Янчэўскі, кіраўнік Прадстаўніцтва Пастаяннага Камітэта Саюзнай дзяржавы ў Мінску М.С. Орда, старшыня Гомельскага абласнога Савета дэпутатаў М.А. Бондар.
Затым зноў надышла чарга ўзнагарод. Выстава работ маладых журналістаў, якая працавала ў фае, не засталася непрыкмечанай. На ёй былі змешчаны работы ўдзельнікаў конкурсу “Дэбют”, які праводзіў Беларускі саюз журналістаў. Як паведаміў яго старшыня А.І. Лемяшонак, работы аказаліся вельмі моцнымі, а канкурэнцыя – жорсткай. І тым не менш узнагароды ў пяці намінацыях: лепшы рэпарцёр, лепшы аглядальнік, лепшы вядучы радыёпраграм, лепшы вядучы тэлепраграм, лепшы фотакарэспандэнт – знайшлі сваіх пераможцаў. Вельмі прыемна і радасна, што лепшым аглядальнікам стала наша зямлячка з Гудагая Людміла Мінкевіч, якая зараз працуе карэспандэнтам “Народнай газеты”.
Тэматычныя сесіі, якія працягнулі работу форума, былі прысвечаны магчымым праектам і супрацоўніцтву ў медыйнай прасторы дзвюх саюзных дзяржаў, а таксама прафесійнаму і творчаму станаўленню журналісцкіх кадраў. Завяршыўся ж форум прыняццем рэзалюцыі і агульнай упэўненасцю, што гэта была толькі “першая ластаўка”, і маладыя журналісты абавязкова сустрэнуцца, каб падзяліцца вопытам і ідэямі на чарговым форуме.
-------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.
Фота з сайта grepolis-news.ru