Островецкие юноши достойно охраняют границы Беларуси

Астравецкія юнакі падчас службы ў арміі аддаюць доўг Радзіме ў самых розных кутках Беларусі. І вельмі прыемна, калі напярэдадні Дня абаронцаў Айчыны з вайсковых часцей у рэдакцыю прыходзяць лісты-падзякі бацькам за дастойных, сумленных і адказных сыноў. Сёння мы друкуем гэтыя лісты.

Якім павінен быць яфрэйтар? У ваеннай энцыклапедыі сказана: яфрэйтар – гэта воінскае званне, якое прысвойваецца лепшым салдатам, і ў адсутнасці камандзіра аддзялення яфрэйтар выконвае яго абавязкі… Безумоўна, яфрэйтар павінен быць сапраўдным спецыялістам, знаўцам сваёй справы.
Менавіта ўсімі гэтымі якасцямі валодае вадзіцель 6-га зенітнага ракетнага дывізіёна 15-й зенітнай ракетнай брыгады яфрэйтар Яўген КАРПОВІЧ.
Яўген родам з вёскі Палушы Астравецкага раёна. Восенню 2011 года хлопец быў прызваны на службу ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь. І з першых дзён зарэкамендаваў сябе як дысцыплінаваны, адказны і сумленны салдат.
Пасля прыняцця ваеннай прысягі Яўгена адправілі служыць Радзіме ў 72-і гвардзейскі Аб’яднаны вучэбны цэнтр падрыхтоўкі прапаршчыкаў і малодшых спецыялістаў. Там і асвоіў усе прамудрасці ваджэння вялікагрузных аўтамабіляў – МАЗ-543.
Цярпімасць, справядлівасць, прыстойнасць, аператыўнае прыняцце правільных рашэнняў – якасці, якія характарызуюць ваеннаслужачага Карповіча. Сёння Яўген – спецыяліст 2-га класа і ўжо можа падзяліцца немалым багажом ведаў і вопыту з таварышамі па службе. Замацаваная за хлопцам баявая машына заўсёды знаходзіцца ў баявой гатоўнасці.
Камандзіры характарызуюць ваеннаслужачага Карповіча станоўча, хлопец не раз атрымліваў падзякі і пазачарговыя звальненні. Так трымаць, Яўген!
Для камандавання 6-га зенітнага ракетнага дывізіёна Яўген Карповіч – добры знаўца ваеннай справы, а для таварышаў па службе – надзейны сябар.
І ў Дзень абаронцаў Айчыны камандаванне 6 зенітнага ракетнага дывізіёна выказвае шчырую падзяку бацькам Яўгена за тое, што выхавалі добрага, спагадлівага сына і адказнага, дысцыплінаванага салдата!
А ў Слоніме ў 11-й гвардзейскай асобнай механізаванай брыгадзе ў батальёне сувязі  служыць яшчэ адзін сын астравецкай зямлі – радавы тэрміновай службы Юрый ВАЛАДЗЬКО.
Юнак у маі мінулага года быў прызваны ў армію і трапіў у батальён сувязі. За час службы ён выдатна асвоіў спецыяльнасць вадзіцеля. Тэхніка ў яго руках заўсёды знаходзіцца ў добрым стане і баявой гатоўнасці.
Юрыя паважаюць і цэняць і камандзіры, і саслужыўцы. Юнак адказна і старанна падыходзіць да выканання заданняў і заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу сваім таварышам. За ініцыятыву і ўмелыя дзеянні ён быў неаднойчы адзначаны камандаваннем часці.
Захапляецца Юрый спортам і тэхнікай. Ён з’яўляецца членам маладзёжнай арганізацыі  ГА “БРСМ”, прымае актыўны ўдзел у ваенна-патрыятычным выхаванні школьнікаў.
Камандаванне батальёна сувязі вайсковай часці 33933 выказвае шчырую падзяку маме радавога Валадзько – Люцыі Эдмундаўне, якая жыве ў вёсцы Кямелішкі, за дастойнае  выхаванне сына – сапраўднага абаронцы нашай Радзімы.
Пакуль у арміі служаць такія рабяты, краіна знаходзіцца пад надзейнай аховай.