Островецкие ветераны демонстрировали своё творчество
Ідэя сабраць у клубе людзей шаноўнага ўзросту з мастацкімі здольнасцямі нарадзілася адразу пасля сёлетняга фестывалю творчасці ветэранаў. Тады ў фае канцэртнай залы “Астравец” працавала даволі прадстаўнічая выстава мастацкай творчасці пенсіянераў, але далёка не ўсе ўмельцы адважыліся паказаць свае напрацоўкі. Таму варта было чакаць працягу.І вось супрацоўнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі прымаюць гасцей, а чытальная зала спакваля ператвараецца ў выставачную. Прычым свае экспанаты прадставілі не толькі самадзейныя, але і прызнаныя майстры – чараўніца залатой саломкі, першы народны майстар на Астравеччыне Валянціна Вільеўна Віннічак і мастачка, якой, здаецца, падуладны любы прыродны матэрыял, – Ніна Іосіфаўна Мілаш. Жаданым госцем стала дырэктар раённага Дома рамёстваў Тамара Іванаўна Гаваноўская, якая змагла па вартасці ацаніць творы самадзейных мастачак і запрасіла да супрацоўніцтва.
А потым з падачы Дануты Францаўны Чарнушэвіч, нязменнай вядучай ветэранскіх свят, пачалася прэзентацыя – ды не простая, а з майстар-класамі. Як жа ўцерпіш і не паспрабуеш сам рабіць нарыхтоўкі са старых газет для пляцення розных кошычкаў, вазачак, конавак, калі майстрыха Ванда Іосіфаўна Лосева так шчыра падахвочвае і нават паказвае ў дробязях “вытворчыя” прыёмы? Зразумела, першай узялася за “экзотыку” Ніна Іосіфаўна Мілаш – яе прага пазнавання навізны, падобна, усё яшчэ не натоленая. Сама ж яна прапанавала далучыцца да свайго мастацтва – лазапляцення, абяцала падтрымку і навучанне, але майстрыхі пакуль у роздуме. Што ж, лаза – матэрыял складаны, не кожнаму і не адразу падасца.
Па вартасці ацанілі заўсёдніцы клуба – вядома ж, жанчыны! – вязаныя ўборы Марыі Іванаўны Дземяшкевіч і Алены Аляксандраўны Качан, вясёлкавыя вышываныя навалачкі для канапных падушак і вязаныя дзіцячыя каптурыкі Таісы Рыгораўны Папяльніцкай, арыгінальныя вязаныя сурвэткі Галіны Архіпаўны Вайцяхоўскай, Ірыны Антонаўны Стэх і касынку Любові Аляксееўны Падалянчык, створаныя чароўнай іголкай і каляровымі ніткамі карціны Святланы Іванаўны Мешкіс і арыгінальныя пано з падручнага матэрыялу Ніны Арсеньеўны Шчэрбань… Усяго не пералічыць, ды і не варта. Каб пагадзіцца з ацэнкай, гэты рукатворны цуд трэба бачыць. На падобных выставах творчасці ветэранаў не можа не ўразіць разнастайнасць экспанатаў, творчых манер і густаў. Ветэраны – гэта пакаленне нястомных у працы людзей, якіх само жыццё навучыла многае ўмець і рабіць, каб забяспечыць свой побыт. Рукадзельнічаць усе гэтыя майстрыхі пачыналі ў раннім дзяцінстве, спрабавалі сябе ў розных відах творчасці і дасягнулі вяршынь майстэрства.
А Капіталіна Цімафееўна Пятроўская – майстрыха прыпевак, што і прадэманстравала ў чарговы раз, расквеціла імпрэзу агністымі куплетамі ўласнага сачынення і “сарвала” авацыі.
Творчыя пасядзелкі завяршыліся, па традыцыі – частаваннем духмя най травяной гарбатай ад Галіны Архіпаўны Вайцяхоўскай з салодкімі прысмакамі. Усе майстрыхі атрымалі маленькія сувеніры на добрую згадку.
-------------------------------------------
Тэкст і фота Таісы СЯМЁНАВАЙ.
