Островецкие спасатели впредверии Дня пожарной службы

25 ліпеня, напярэдадні Дня пажарнай службы, адбылася сустрэча нашага карэспандэнта з начальнікам Астравецкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях падпалкоўнікам унутранай службы Генадзем Калтаном.


Аб тым, якія змены адбыліся і яшчэ чакаюцца ў бліжэйшым часе ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях,  ішла наша размова.


–Генадзій Іванавіч, якія змены чакаюць ваш аддзел у сувязі з будаўніцтвам у нашым раёне атамнай станцыі?


–Загадам Міністэрства па надзвычайных сітуацыях зацверджаны штат пажарнай аварыйна-выратавальнай часткі №2 на аб’ектах атамнай электрастанцыі. Гэта значыць, што колькасць асабовага саставу аддзела ўзрасце на 25 чалавек – 7 афіцэрскіх пасад і 18 пасад радавога і малодшага кіруючага саставу. Іх камплектаванне неабходна завяршыць сёлета. Акрамя таго, чакаецца паступленне ў аддзел трох пажарных аўтамабіляў – дзвюх аўтацыстэрнаў і аўтамабіля хуткага рэагавання.


–Расскажыце падрабязней пра вакантныя пасады радавога і малодшага кіруючага саставу. Якія вакансіі прадугледжаны?


–Нам неабходна прыняць на службу 12 пажарных, 3 камандзіраў аддзялення і 3 вадзіцеляў пажарнага аўтамабіля па трэцяй катэгорыі.


–Хто можа прэтэндаваць на працаўладкаванне?


–Мужчыны да 25 гадоў, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія адслужылі ў арміі або маюць вышэйшую адукацыю. Не апошнім патрабаваннем з’яўляюцца высокія асабістыя і маральныя якасці. На працаўладкаванне могуць разлічваць і тыя, хто хоць і не служыў у арміі, але мае высокія паказчыкі ў спорце – першаразраднікі, майстры і кандыдаты ў майстры спорта. Прэтэндэнты павінны быць прыдатныя да службы па выніках медыцынскага агляду і не мець праблем з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. Пры праходжанні ваенна-медыцынскай камісіі ўсе жадаючыя працаваць у радах пажарных-выратавальнікаў праходзяць паглыбленае псіхалагічнае абследаванне. Акрамя таго, пры ўладкаванні на працу неабходна здаць нарматывы па фізічнай падрыхтоўцы: бег на 1000 і 100 метраў, а таксама падцягванне.


–Давайце ўявім, што малады супрацоўнік ужо працаўладкаваўся. Што далей?


–На працягу месяца ён праходзіць індывідуальнае навучанне па месцы службы. Вывучае абавязкі, закон, наяўную тэхніку, што знаходзіцца на ўзбраенні ў выратавальнікаў, абсталяванне, раён, у якім давядзецца працаваць і іншыя аспекты службы. Пасля індывідуальнага навучання пры паспяховых выніках залікаў кандыдат дапускаецца да выканання абавязкаў, не звязаных з рызыкай для жыцця, і накіроўваецца на далейшае навучанне ў Інстытут перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях з прысваеннем кваліфікацыі «пажарны-выратавальнік сёмага разраду».


– Ці можа чалавек без спецыяльнай адукацыі прэтэндаваць на афіцэрскую пасаду?


– Як правіла, на пасады сярэдняга і старэйшага кіруючага саставу прызначаюцца асобы, якія маюць спецыялізаваную адукацыю пасля заканчэння ўстановы адукацыі МНС. Аднак, калі ў чалавека ёсць дыплом аб атрыманні сумежных спецыяльнасцей, ён таксама можа разлічваць на працаўладкаванне. Напрыклад, маладыя людзі, якія маюць вышэйшую юрыдычную або інжынерную адукацыю, могуць быць прызначаны на пасаду таго ж інспектара дзяржаўнага пажарнага нагляду. Але ў гэтым выпадку супрацоўніку неабходна будзе завочна закончыць адну з вышэйшых навучальных устаноў МНС.


–У апошні час у раённым аддзеле адбыліся істотныя змены…


–Так, у сувязі з будаўніцтвам Беларускай АЭС у Астравецкім раёне прайшла рэканструкцыя будынка пажарнай аварыйна-выратавальнай часткі №1, які павінен быць уведзены ў эксплуатацыю ў гэтым годзе. З цягам часу горад будзе расці, прыедуць новыя людзі. Зараз поўным ходам ідзе работа на будаўніцтве АЭС і горада энергетыкаў, і ўсё гэта патрабуе мадэрнізацыі і пашырэння нашай матэрыяльнай базы.


Для падрыхтоўкі выратавальнікаў да выканання задач ва ўмовах, максімальна набліжаных да рэальных, пабудавана цепладымакамера. У ёй можна імітаваць розныя надзвычайныя сітуацыі і трэніравацца ў выкананні задач рознай складанасці. Практычная падрыхтоўка выратавальнікаў-пажарных праходзіць ва ўмовах моцнага задымлення і высокай тэмпературы.


Акрамя таго, у новым будынку ёсць спартыўныя і актавай залы, спартыўная пляцоўка, два навучальныя класы, пакой псіхалагічнай разгрузкі, душавыя, саўна і інш.


Пажарны-выратавальнік кругласутачна нясе баявое дзяжурства, таму для нас вельмі важна, каб яго працоўнае месца было добраўпарадкавана: мелася гарачая вада, газавае ацяпленне, абсталяванне, памяшканні для сушкі баявога абмундзіравання, сучасныя прасторныя пакоі для прыгатавання і прыёму ежы.


–Напрыканцы нашай размовы – што б вы хацелі пажадаць выратавальнікам напярэдадні  прафесійнага свята?


–Традыцыйна хачу пажадаць здароўя, сямейнага ладу і дабрабыту, паразумення з родзічамі і сябрамі і, вядома, шчасця і ажыццяўлення самых запаветных мар.