Островецкие школьники-лёгкоатлеты выступят на республиканской спартакиаде
Золата-сярэбраным россыпам медалёў заззяла каманда Астравецкага раёна на абласной спартакіядзе школьнікаў па лёгкай атлетыцы сярод удзельнікаў 2002 года нараджэння і малодшага ўзросту.
Падчас спаборніцтваў асабліва вызначыліся навучэнцы Варнянскага НПК. Эрнэст Сяўрыс заняў першае месца ў шасцібор’і. Двайное “серабро” ў спартыўнай хадзьбе заваяваў Яўген Міхайлоўскі – ён стаў другім на дыстанцыях 2 і 3 кіламетры.
Крыху не дацягнуў да тройкі прызёраў Павел Юркойць – у бегу на дыстанцыі 600 метраў ён заняў чацвёртае месца.
Цудоўна выступіла і Марыёла Букель: у кіданні молата дзяўчына стала першай, а ў кіданні дыска – другой.
Добрае выступленне варнянцаў ўдала дапоўніў вучань Гудагайскай сярэдняй школы Руслан Пяткевіч. Хлопец аказаўся хутчэйшым за астатніх на дыстанцыі 600 метраў, а ў забегу на 1 000 метраў ён фінішыраваў другім.
У выніку каманда юных лёгкаатлетаў Астравецкага раёна заняла трэцяе агульнакаманднае месца. А трое нашых спартсменаў – Марыёла Букель, Эрнэст Сяўрыс і Руслан Пяткевіч – будуць выступаць на рэспубліканскай спартакіядзе.
Марына МАЦКЕВІЧ.
