Островецкие школьники дарили книги библиотеке и читали про войну
Амаль у кожнай сям’і ёсць прачытаныя кнігі, да якіх ніхто больш не вяртаецца, і яны стаяць на паліцах ці ляжаць у скрынках, нікому не патрэбныя. Часта так здараецца з дзіцячымі кніжкамі: дзеці падрастаюць і чытаюць ужо зусім іншую літаратуру.Каб даць такім кніжкам другое жыццё і з мэтай папаўнення кніжнага фонду ў бібліятэцы сярэдняй школы №1 г. Астраўца праводзілася акцыя “Падары бібліятэцы кнігу!”.
Хочацца падзякаваць усім, хто адгукнуўся і прыняў у ёй удзел. Самымі актыўнымі ўдзельнікамі сталі Мацвей Кіткоўскі (1 “А”), Паліна Шымкевіч (6 “Б”), Вікторыя Кутковіч (3 “Б”), Вікторыя Пярко (5 “А”), Дзмітрый Кіткоўскі (5 “Б”), Радзівон Мальдзіс (6 “Б”), Вадзім Ількевіч, Дзіяна Кайрыс, Ангеліна Казарэз з 7 “В” класа, а таксама школьны бухгалтар А.А. Іржыгітава.
Другая акцыя – “Чытаюць дзеці пра вайну” – праходзіла ў школьнай бібліятэцы напярэдадні святкавання Дня Перамогі. Увазе чытачоў прапанавалася кніжная выстава “Славім вялікі подзвіг”. Тут наведвальнікі бібліятэкі маглі азнаёміцца са звесткамі пра Другую сусветную вайну, зборнікамі твораў беларускіх пісьменікаў, асобнымі вершамі і апавяданнямі расійскіх аўтараў, прысвечанымі гэтай тэме. Увагу юных чытачоў прыцягвалі творы, у якіх распавядаецца аб выбары чалавека ў складаных жыццёвых сітуацыях, аб тым, што і ў самыя цяжкія моманты людзі не маюць права губляць свой гонар, да апошняй хвіліны павінны помніць аб сваім прызначэнні.
----------------------------------------
Яніна МЯШКОВА,
Загадчыца бібліятэкі СШ №1 г. Астравец.
Фота з сайта 900igr.net.