Островецкие дети учат взрослых чистоте и порядку

Як хораша ісці па глухой сцяжынцы і, забываючы пра ўсё, растварацца ў велічнай прыгажосці лесу! Чырвонае лісце асін і рабін, лімонна-жоўтыя кроны бяроз, пярэстыя карункі клёнаў – усё гэта цешыць вока, прымушае любавацца сабой, зачароўвае… Ты ўдыхаеш чыстае паветра. Атрымліваеш асалоду ад птушынага спеву. Бачыш, як зіхаціць павуцінне ў промнях сонца. Чуеш шолах… Лісця?

Разумею, па класіцы жанра вам так і хочацца дабавіць гэтае слова. А як наконт шолаху пластыкавых бутэлек, шамацення пакетаў ці хрусту шкла пад нагамі? На жаль, менавіта гэтыя “гукі прыроды” ўсё часцей можна пачуць, ідучы на прагулку ці сямейны пікнік. Пачуць. Паглядзець. Абвінаваціць людзей у нявыхаванасці і бескультур’і, камунальныя службы – у невыкананні сваіх абавязкаў. Вярнуцца дадому. Працягнуць спіс сваіх нараканняў і, падключыўшы родных, сяброў, суседзяў, разважаць і марыць аб тым, як агульнымі намаганнямі ачысціць лес, вы-ратаваць прыроду, перавыхаваць людзей і зрабіць жыццё ідэальным…
Шкада толькі, што нашы жаданні і ідэі заканчваюцца размовамі на кухні і здаюцца нам утапічнымі. Мы самі сабе прыдумваем перашкоды : “ засмяюць ” , “не павераць”,“у нашым горадзе экалогія і чысціня кагосьці цікавіць? ” , “ навошта прыбіраць смецце за п’яніцамі – усё роўна прыйдуць на сваё “любімае” месца”, “чаго я буду траціць свае грошы на нікому непатрэбную дабрачыннасць?”.
На шчасце, заўсёды знойдуцца людзі, якія здольны не толькі думаць і гаварыць, але і рэалізоўваць свае планы, дзейнічаць, нягледзячы ні на што. Такім чалавекам аказаўся Рыгор Палын, арганізатар і каардынатар сацыяльнага экалагічнага руху “ЭКА КРАЙ”, які падключыўся да сусветнай акцыі па збору смецця “Зробім!”. З дапамогай сацыяльнай сеткі “ВКонтакте” юнак запрашаў усіх нераўнадушных да аблічча нашага раёна добраахвотнікаў 28 верасня прыняць удзел ва ўборцы тэрыторыі лесу, што знаходзіцца на выездзе з Астраўца ў бок вёскі Малі (у народзе гара Лыска).
Такімі добраахвотнікамі і валанцёрамі сталі вучні 6 “Б” класа сярэдняй школы №1. Прыйшоўшы на вызначанае месца і атрымаўшы “прылады працы” (пальчаткі і пакеты для смецця), рабяты падзяліліся на невялікія групы: адны збіралі паперу, другія – пластык, трэція – шкло, чацвёртыя – жалеза, пятыя – іншае смецце. Добрае надвор’е, пазітыўны настрой, энтузіязм – і праз трыццаць хвілін нечакана для ўсіх першыя рулоны пакетаў закончыліся. Акрамя “стандартнага набору” для пасядзелак у лесе (бутэлек ад піва і напояў больш моцных, бліскучых упаковак ад чыпсаў, арэхаў, цыгарэт, аднаразовага посуду), актывісты сустракалі і рэчы больш цікавыя: ключы, кавалкі лінолеуму, аконныя рамы, анучы. Каля некаторых “месцаў адпачынку” разам са смеццем ляжалі і пакеты, у якія, відаць, яго і планавалася пасля змясціць. Але чамусьці ў тых, хто “культурна” адпачываў, зрабіць гэта не паднялася рука.
Вельмі непрыемна было ўсведамляць, што ўсё гэта зрабілі мы з вамі, жыхары Астравеччыны. Агідна, што за намі, дарослымі, прыбіраюць нашы дзеці. Наша свядомасць працуе пакуль залішне прымітыўна – мы не задумваемся пра тое, што заўтра, магчыма, прыйдзем сюды зноў, а калі не мы, то хтосьці іншы. Чаму мы не ўмеем берагчы тое, штоў нас ёсць і дадзена абсалютна бясплатна – бяры і карыстайся?! Толькі беражы…
Дзве гадзіны, дваццаць два запоўненыя вялікія пакеты для смецця, пятнаццаць актывістаў– і тэрыторыя лесу стала чысцейшай. А вечарам удзельнікі акцыі атрымалі па салодкаму падарунку і запусцілі нябесныя ліхтарыкі як знак гармоніі і чысціні.
Нягледзячы на брудны бок сваёй працы, гэтыя дзеці разам са сваім класным кіраўніком Вольгай Іванаўнай Грынцэвіч і арганізатарам акцыі Рыгорам Палыном зрабілі адну вялікую, прыгожую і высакародную справу. Далучайцеся! Бо, мяркуючы па кругазвароце хламу ў прыродзе, працы ў лясах і парках непачаты край.


----------------------------
Вольга ГРЫНЦЭВІЧ.