Островецкие боксеры показали отличные результаты на Олимпийских днях молодежи Гродненской области

Бліскуча, па-залатому выступілі астравецкія баксёры, выхаванцы трэнера Астравецкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы А.З. Маргужа на Алімпійскіх днях моладзі Гродзенскай вобласці, якія праходзілі сярод удзельнікаў 1996-97 гадоў нараджэння і 1998-99 гадоў нараджэння.

У малодшай групе ў вагавой катэгорыі да 46 кілаграмаў выступала тройка юных баксёраў: Мікіта Ромаш, Саша Грынчук і Саша Стаскойць. Усе яны ў выніку занялі прызавыя месцы: Мікіта стаў другім на рынгу, а цёзкі Сашы занялі “бронзавыя” прыступкі. Кандыдат у майстры спорту Арцём Рагавенка, вагавая катэгорыя да 50 кілаграмаў, без асаблівай цяжкасці стаў пераможцам. Яго поспех паўтарыў і Марк Маргуж, кандыдат у майстры спорту ў вагавой катэгорыі да 60 кілаграмаў. Юнак упэўнена і з яўнай перавагай перамог сапернікаў на рынгу і заняў першае месца. Дзіма Хадорскі, вагавая катэгорыя да 66 кілаграмаў, добра правёў баі і заняў трэцяе месца. На “золата” прадэманстраваў сваё баксёрскае майстэрства і ўладальнік першага юнацкага разраду Мікіта Власенка, вагавая катэгорыя да 70 кілаграмаў. Кандыдат у майстры спорту Вадзім Мароз, вагавая катэгорыя да 75 кілаграмаў, таксама ўпэўнена і без асаблівых цяжкасцей “разабраўся” з сапернікамі і стаў першым.
На шчасце, абышлося без непрыемных сюрпрызаў і ў старэйшай групе. Дзіма Юцкевіч, першы разрад і вагавая катэгорыя да 56 кілаграмаў, і Дзіма Лабэцкі, кандыдат у майстры спорту, вагавая катэгорыя да 64 кілаграмаў, у чарговы раз на практыцы прадэманстравалі прафесіяналізм і дакладнасць тэхнікі бою. Абодва юнакі таксама сталі пераможцамі спаборніцтва.


----------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.


Фото с сайта fb.pro.sportmaster.ru