Работники островецкой прокуратуры отмечают профессиональный праздник

2

Штогод 26 чэрвеня адзначаецца Дзень работнікаў пракуратуры. А сёлета гэты дзень асаблівы – споўнілася  90 гадоў з дня ўтварэння пракуратуры. Уявіць сучаснае жыццё грамадства без гэтага дзяржаўнага органа ўжо немагчыма. Галоўная роля пракуратуры –  абарона правоў і свабод грамадзян, а таксама адстойванне інтарэсаў дзяржавы.


Штат пракуратуры Астравецкага раёна адносна невялікі – шэсць чалавек. Пад кіраўніцтвам  пракурора Аляксандра  Іосіфавіча Марцінчыка працуюць  намеснік пракурора Дзмітрый Анатольевіч Дамарад, стажор пракуратуры  Аляксандр Аляксандравіч Чумакоў, загадчыца канцылярыі Ірына Лявонаўна Карпіцкая, вадзіцель Ілья Юр’евіч Мадэкша і прыбіральшчыца Людміла Казіміраўна Саўкойць.
Работнікі пракуратуры – людзі з рознымі характарамі, але ўсіх іх аб’ядноўвае  імкненне дапамагаць людзям і быць карыснымі дзяржаве. І для іх на працягу ўсяго жыцця нязменнымі застаюцца такія якасці як непадкупнасць, вернасць выбранай прафесіі і асабістая мужнасць.


Пракурора Астравецкага раёна Аляксандра Іосіфавіча МАРЦІНЧЫКА ў раёне ведаюць не толькі па прозвішчы, але і ў твар. Куды можна звярнуцца, каб абараніць свае інтарэсы і правы? Канешне, у пракуратуру! Людзей тут чакаюць кожны дзень – і кожнаму стараюцца даць кансультацыю і дапамагчы. 
Аляксандр Іосіфавіч Марцінчык дапамагае набірацца вопыту і сваім калегам. Яго пазіцыя – рэальны вопыт можна атрымаць толькі падчас канкрэтнай працы, таму адпачываць супрацоўнікам пракуратуры не даводзіцца.


Намеснік пракурора Дзмітрый Анатольевіч ДАМАРАД на работу заўсёды прыходзіць у добрым настроі. Ён курыруе пытанні, звязаныя з захаваннем заканадаўства і выкананнем прававых актаў – і гэта, лічыць Дзмітрый Анатольевіч,  дапамагае стаць універсальным юрыстам. У любой справе ён  канкрэтны і  аб’ектыўны, заўсёды стараецца па-чалавечы адносіцца да людзей.

Стажор пракуратуры Аляксандр Аляксандравіч ЧУМАКОЎ у Астравецкім раёне чалавек новы – працуе  ў пракуратуры ён толькі з лютага бягучага года. Да гэтага закончыў Гродзенскі філіял Беларускага інстытута правазнаўства, працаваў юрыстам-кансультантам у юрыдычнай фірме ў Гродне. Аляксандр Аляксандравіч займаецца крымінальнымі і грамадзянскімі справамі ў судзе, і лічыць, што кожная справа – важная, за кожнай стаіць лёс чалавека і таму да сваёй работы адносіцца з усёй адказнасцю.
Акрамя таго, менавіта ўдзел у разглядзе судом грамадзянскіх спраў дазваляе маладому спецыялісту набыць каштоўны вопыт.


Большасцю насельніцтва пракуратура ўспрымаецца як караючы орган. А між тым, у перакладзе з лацінскай мовы гэтае слова перакладаецца як “клапачуся, забяспечваю, папярэджваю”. Менавіта гэтаму прызначэнню служыць сённяшняя дзейнасць пракуратуры. Пра гэта сведчыць і той факт, што паток грамадзян, якія звяртаюцца ў пракуратуру і шукаюць тут абарону сваіх правоў і законных інтарэсаў, не змяншаецца.
– Ні адзін зварот грамадзян не застаецца без увагі, – расказвае намеснік пракурора Д.А. Дамарад. – Калі не атрымліваецца вырашыць праблему падчас асабістага прыёму, чалавек пакідае пісьмовую заяву, і пракуратурай па ўзнікшым пытанні праводзіцца праверка. Так, у мінулым годзе да нас звярнулася 312 чалавек, 86 з іх з пісьмовымі заявамі. І трэба адзначыць, што кожны пяты зварот быў вырашаны на карысць заяўніка.
Дарэчы, сёння пракурорскія работнікі  Астравеччыны будуюць сваю работу з ухілам на папярэджанне злачынстваў і правапарушэнняў. Яны рэгулярна выступаюць з лекцыямі, тлумачаць нормы законаў на прадпрыемствах і ў арганізацыях, ва ўстановах адукацыі, актыўна публікуюцца ў сродках масавай інфармацыі.
– Пракуратура Астравецкага раёна прыкладвае намаганні па выпрацоўцы сучасных комплексных мер па каардынацыі дзейнасці праваахоўных органаў,  забеспячэнні непазбежнасці пакарання за здзейсненыя злачынствы, недапушчэнне незаконнага прыцягнення грамадзян да крымінальнай адказнасці, скарачэнне ўзроўню злачыннасці, – гаворыць пракурор Аляксандр Іосіфавіч Марцінчык. – Кожны дзень мы  сустракаемся з людзьмі, якія прыходзяць са сваімі праблемамі і пытаннямі,  разглядаем звычайныя і не зусім  сітуацыі,  пранікаем ва ўсе сферы чалавечага  жыцця і жыцця краіны ў цэлым і абараняем інтарэсы дзяржавы.
У  Дзень работнікаў пракуратуры хацелася б павіншаваць усіх, хто сёння працуе ў нашых органах, а таксама ветэранаў пракуратуры  раёна. Пажадаць ім і іх сем’ям моцнага здароўя, дабрабыту, радасці і шчасця!


Алена ЯРАШЭВІЧ.