Островецкая молодёжь пела про Беларусь

Добрай традыцыяй стала ў лютым праводзіць раённы фестываль патрыятычнай песні. Сёлета ён таксама паклікаў сабрацца ўсіх аматараў музыкі патрыятызму і ў вызначаны час сабраў у глядацкай зале дзіцячай школы мастацтва.

Сёлета райкам БРСМ арганізаваў фестываль пры дапамозе раённага аддзялення рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” і раённага аддзела культуры. Праходзіла мерапрыемства пад прыгожай назвай “Жывём любоўю да Беларусі”.
Удзельнікаў фестывалю ацэньвалі ў дзвюх намінацыях: «Саліст-вакаліст» і «Вакальная група». Паспрабаваць сябе ў майстэрстве сольнага ці групавога выступлення маглі малады хлопцы і дзяўчаты ва ўзросце 14-31 год.
Напачатку мерапрыемства перад прысутнымі з прывітальным словамі і добрымі пажаданнямі выступілі начальнік аддзела культуры райвыканкама, ён жа – старшыня журы С.Л. Сяўко, а таксама старшыня РА ГА “Белая Русь” Н.У. Сянюць і выконваючая абавязкі першага сакратара райкама БРСМ А.П. Лазарава.
Першым выступаць заўсёды складана. Але менавіта такая місія выпала ўдзельніцы з Варнянскага НПК Дзіяна Юозялітэ. Аднак дзяўчына хутка справілася з лёгкім хваля ваннем, і пранікнёна і прачула песняй і ўсёй сваёй сутнасці папрасіла прабачэння ад імя сучаснага пакалення ў дзядулі, як абагульненага вобраза ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, за тое, што нашчадкі та мала ведаюць пра падзеі вайны немагчыма было заставацца раўнадушным падчас гэтага песеннага маналогу.
Яркім і насычаным атрымалася і выступленне новай зорачкі астравецкай эстрады Юліі Івашка, якая выступала за раённы Дом культуры. “Засталася, нібы ў полі хваіна…” – з трагізмам і ўнутраным суперажываннем сваёй гераіні спявала дзяўчына. У выніку яе выступленне завяршылася шчырымі апладысментамі гледачоў.
Прыгожа і міла выканала песню “Я жыву ў запаведным краю” Дзіяна Анапрыенка (раённы Дом культуры). Выступленне яшчэ адной удзельніцы РДК Дар’і Крывіцкай суправаджалася не толькі цудоўным сцэнічным вобразам і прыгожым мілагучным выкананнем песні “Зямля мая”, але і не менш цікавым відэакліпам.
На жаль, у апошні час убачыць падчас падобных канцэртаў на сцэне юнакоў ці мужчын можна нячаста. Таму было вельмі прыемна, калі на фестывалі аб’явілі нумар Уладзіміра Клюкоўскага з Падольскага сельскага Дома культуры. Хлопец адразу ж пастараўся наладзіць кантакт з аўдыторыяй. І гэта ў яго нядрэнна атрымалася. Бо ўжо літаральна праз хвіліну ўсе дружна пляскалі ў далоні і ціхенька падпявалі вядомую песню Сашы Нэма: “Эй, давай, запевай, страна родная… Ты – бульбаш, я – бульбаш, мы это знаем…”
А вось Анастасія Ляховіч з Міхалішкаўскай сярэдняй школы пакарыла сваёй жыццярадаснасцю, аптымізмам і шчырай усмешкай падчас выканання песні “Маці-зямля”. Ад гэтага музычны нумар атрымаўся мілым, шчырым і сонечным.






Наступная ўдзельніца з прыгожым і цёплым прозвішчам Святлана Лета (Міхалішкаўскі СДК) вельмі пранікнёна і прафесійна праспявала пра “Беларусь хлебасольную”. Нумар настаўніцы СШ №1 Ірыны Праскінай уразіў майстэрствам выканання, хвалюючым перажываннем на сцэне і моцным прыгожым голасам, які пераліваўся рознымі тэмбрамі і, у адпаведнасці з назвай песні, “Белай ластаўкай” лунаў у глядацкай зале. А Наталля Вянгроўская з гімназіі проста зачаравала не толькі мілым, пяшчотным выкананнем песні “Васільковае неба”, але і ўласным шчырым абаяннем.
Затым надышла чарга падняцца на сцэну вакальным групам. Трыа “Кропелькі” Мальскага дзіцячага садка-базавай школы прыгожа і дружна праспявалі прысутным пра “Нашу Беларусь”. Выхаванцы цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Вераніка Анімуцкая, Ганна Пазлевіч і Інга Ган, якія аб’ядналіся ў групу “Эдэльвейс”, выступілі з песняй “Гэта Беларусь”. Дзіяна Субач і Юлія Мазырэц, вучаніцы Міхалішкаўскай СШ, пранікнёна праспявалі, як “Малююць хлопчыкі вайну”. А трыа з Гудагайскай СДК у складзе Таццяны Кандратовіч, Марыны Каляда і Мікіты Лаўрэцкага прадаставіла на суд журы песню “Рамонкавыя палі”. Завяршыў жа выступленні на фестывалі дуэт Рытанскага СДК – Яраслаў Вянгроўскі і Юлія Драбуцька. Трэба было чуць, як пранікнёна і з замілаваннем выконвалі яны песню “Беларусачка”.
Музычныя нумары скончыліся – і пачалася работа для журы. Пасля стараннага абмеркавання, падліку балаў і ўзважванняў усіх “за” і “супраць” яны вынеслі свой вердыкт. У намінацыі вакальная група дыплом трэцяй ступені атрымалі мальскія “Кропелькі”, дыпломам другой ступені быў узнагароджаны дуэт з Міхалішак – Дзіяна Субач і Юля Мазырэц. Першае месца журы прысудзілі астравецкаму “Эдэльвейсу”.
Сярод салістаў-вакалістаў дыплом трэцяй ступені атрымалі адразу дзве ўдзельніцы – Юлія Івашка і Дар’я Крывіцкая. На другім месцы таксама апынуліся двое прызёраў – Святлана Лета і Ірына Праскіна. А пераможцам стала Наталля Вянгроўская.
Акрамя дыпломаў, пераможцы і прызёры былі ўзнагароджаны прызамі ад райкама БРСМ, РА ГА “БРСМ” і аддзела культуры.
А пераможцам фестывалю хутка зноў прыйдзецца выступаць – яны будуць прадстаўляць  Астравеччыну на абласным этапе фестывалю патрыятычнай песні. Пажадаем ім удачы!

----------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ,
фота аўтара.