Островецкая команда дружинников района электрических сетей достойно выступила на областном конкурсе
Каманда дружыннікаў раёна электрычных сетак райцэнтра абараняла гонар Астравеччыны на абласным аглядзе-конкурсе добраахвотных дружын, задзейнічаных на абароне грамадскага правапарадку.Дружная пяцёрка – камандзір каманды Сяргей Чымерка, Вадзім Аляхновіч, Яўген Змітровіч, Сяргей Лукойць і Яўген Гаўлас – былі прызнаны лепшымі дружыннікамі на раённым этапе конкурсу. А далей іх чакалі абласныя спаборніцтвы, у якіх прынялі ўдзел дваццаць каманд з усёй Гродзеншчыны.
Праходзіў агляд-конкурс на базе вайсковай часці ў Гродне і складаўся з некалькіх этапаў. Падчас пастраення каманд праводзіўся агляд пасведчанняў, формы, значкоў, нарукаўных павязак. Затым удзельнікаў чакала выпрабаванне на веданне адміністрацыйнага заканадаўства.
Вядома, што ў жыцці часам узнікаюць самыя нечаканыя сітуацыі, і тады важна хутка прыняць адзіна правільнае рашэнне. Вось і арганізатары конкурсу для практычных заданняў па медыцыне падрыхтавалі нестандартныя сітуацыі, у якіх дружыннік павінен быў аказаць дапамогу пацярпеўшаму з рознымі траўмамі і раненнямі.
Заключным этапам стала стральба з пнеўматычнай вінтоўкі, дзе кожны з удзельнікаў стараўся трапіць “у дзясятку” і зарабіць найбольшую колькасць ачкоў.
Пакуль суддзі падводзілі вынікі і вызначалі пераможцаў, дружыннікі паспрабавалі салдацкай кашы, што была прыгатавана на сапраўднай палявой кухні і паглядзелі паказальнае выступленне кіналагічнай службы. Затым іх чакаў яшчэ адзін прыемны сюрпрыз – цудоўны канцэрт.
Пазней адбылася цырымонія ўзнагароджвання. Хоць астравецкія дружыннікі і не трапілі ў тройку прызёраў, але выступілі дастойна.
------------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.
