Островчанка Габриэлла Грабовская заняла 3 место во Всероссийском конкурсе талантов
Вучаніца СШ №3 г. Астраўца Габрыэла Грабоўская нават і падумаць не магла, што адпачынак у лагеры “Экакраяведы”, які дзейнічаў на базе Варнянскай СШ, прынясе ёй 3 месца ва Усерасійскім шматжанравым дыстанцыйным конкурсе “Лета. Лагер. Like” у намінацыі “Вакал”. На днях таленавітая дзяўчынка з маці вярнуліся з Масквы, дзе адбылася цырымонія ўзнагароджвання юных спевакоў, мастакоў і артыстаў з многіх постсавецкіх краін.
Перадгісторыя гэтай паездкі пачалася паўгода назад. Аказваецца, актыўную звонкагалосую дзяўчынку ў летніку прыкмеціла выхавацель, настаўнік-дэфектолаг Варнянскай школы Вікторыя Аляксандраўна Мятлеўская. Яна ж прапанавала Габлыэле з песняй “Художник рисует лето” паўдзельнічаць у дыстанцыйным конкурсе. Дзяўчынка праспявала – і забылася…
– Калі мне паведамілі, што дачка трапіла ў лік пераможаў і трэба ехаць у Маскву на ўзнагароджванне, вельмі ўсцешылася. Гэта такая цудоўная магчымасць паглядзець першапрастольную, пазнаёміцца з зоркамі тэатра і кіно. Тым больш усе расходы, у тым ліку білеты, былі за кошт прымаючага боку. Габрыэла актыўная творчая дзяўчынка. Летась, напрыклад, з клубам эстэтычнай групавой гімнастыкі AISTA выступіла ў Санкт-Пецярбургу, – расказала маці вакалісткі.
– Калі назвалі маё імя ў ліку некалькіх намінантаў, я проста скакала ад шчасця! Мама таксама свяцілася. Акрамя дыплома мне ўручылі шмат падарункаў і грашовы прыз. Нас вельмі цёпла сустракалі і прымалі: смачны абед, фотасесіі, розныя забавы, сэлфі з зоркамі. Словам, паездка ў Маскву была проста “ваў”! – падзялілася ўражаннямі дзяўчынка.
У вольны час астраўчанкі зрабілі праменад па Чырвонай плошчы, купілі родным падарункі і шчаслівыя вярнуліся ў Беларусь і Астравец.
Віншуем Габрыэлу з перамогай!
