Островчанка Елена Евдакова о работе помощника воспитателя

Работа людзей гэтых пра­фесій часта незаў­важная, таму што ўспры­маецца як нешта само сабой зразумелае. А, між іншым, не будзе каму прыбіраць пакінутае смецце, сачыць за бяспекай, клапаціцца пра адзінокіх, выносіць за хворымі пасудзіны, кіраваць аўтобусам, гатаваць школьныя абеды, стаяць за прылаўкам, рамантаваць… – і гэта стане сапраўднай праблемай.

Вось і вынікае, што кожны з нас на рабочым месцы бы звяно вялікага механізма: здаецца, і нябачнае, а выпа­дзе – камфорт і звыклы рытм жыцця парушыцца.

Памочнік выхавацеля Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Алена Еўдакова:

Алена Еўдакова працавала на пошце сарціроўшчыкам, але была вымушана шукаць работу. Разгарнула нумар «Астравецкай праўды», дзе былі аб’явы пра вакансіі, – і ўбачыла, што ў астравецкі Да­школьны цэнтр развіццця дзіцяці патрабуецца памочнік выхавацеля.

– Патэлефанавала. Пацікавілася, ці не занята яшчэ месца, і ўладкавалася ў дзіцячы сад. Мяне паставілі на яслі. Трэба ж так стацца, што на гэту групу прызначылі дваіх навічкоў – мяне і выхавацеля, маладога спецыяліста. Пасля першага рабочага дня галава ішла кругам: абавязкі новыя, малышоў шмат і яны хочуць увагі: аднаго пашкадаваць, другога прытуліць, а каго і ўвогуле зразумець – разабраць, аб чым малое гаворыць, што яго турбуе… Словам, прыйшла дамоў засмучаная. А тады ўсхамянулася: Лена, вазьмі ж ты сябе ў рукі! І ўзяла! – узгадвае памочнік выхавацеля. –  Дзеці яшчэ тыя псіхолагі: ад іх пільнага вока не схаваецца нічога, яны хутка «зловяць» твой настрой,  скапіруюць фразы і паводзіны. І вялікія фантазёры, часам такіх анекдотаў наслухаешся – здаецца, разумееш, што не можа таго быць, але сумненні ўсё ж точаць, бо гавораць жа на поўным сур’ёзе. Проста артысты!  

У яслях дзеці яе клічуць цёцяй, у сярэдняй групе – Аленай Мікалаеўнай, але часцей скарочана, па-сяброўску дзелавіта – Мікалаеўнай.

– Прынесці ежу, раскласці яе па талерках, вымыць посуд, прыбраць памяшканні групы, зрабіць дэзынфекцыю, памяняць пасцельную бялізну, заправіць ложкі, навучыць малышоў самаабслугоўванню: апранацца, прыбіраць за сабой цацкі і адвучыць ад памперсаў; дапамагчы выхавацелю апрануць дзяцей на прагулку, пакласці іх спаць, заплесці валаскі дзяўчынкам – вось у чым заключаецца мая паўсядзённая работа, – сціпла гаворыць астраўчанка


Здавалася б, нічога складанага. Для тых, хто не працаваў на гэтым месцы, магчыма. Але ж, згадзіцеся, не кожныя бацькі з двума дзецьмі могуць даць рады, а ў групе іх больш за 20. І акрамя акрэсленых рабочай інструкцыяй абавязкаў, ёсць непрапісныя, чалавечыя: проста абняць, часам падбадзёрыць, калі трэба, паўшчуваць. Часта малышы выстрайваюцца ў чаргу да сваёй Мікалаеўны, каб пасядзець у яе на каленках – дзе ж адмовіш. 

Текст: Рита Дремо
Фото: Рита Дремо