Островчанка Болеслава Шадура скоро отметит 100-летний юбилей
Колькі б чалавек ні жыў на зямлі, яму ўсё роўна мала. Бо жыццё – гэта скарб, які нельга купіць ні за якія грошы. Яно – адно. А зрабіць за гэты час трэба шмат. Мабыць, таму, прачынаючыся з першымі промнямі ласкавага сонейка і кладучыся спаць далёка пасля яго заходу, мы ўсё роўна не паспяваем зрабіць тое, што хацелі: будаваць, працаваць, адпачываць – жыць. І нават веку нам для гэтага будзе мала… – Здаецца, і не жыла: дзевяноста дзевяць гадоў праляцелі як адзін дзень, – гаворыць Баляслава Аляксандраўна Шадура, якая сёлета адзначыць свой 100-гадовы юбілей.1915-ты...
Вёска Дзедукі Шчучынскага раёна была адметная тым, што большая частка яе жыхароў насіла прозвішчы Купрановіч або Шадура. У адной такой сям'і Аляксандра і Агаты Купрановічаў – гэта было і дзявочае прозвішча маці – у кастрычніку нарадзілася дзяўчынка, якой далі прыгожае і рэдкае сёння імя Баляслава.
Лёс не песціў яе з самага дзяцінства: калі дзяўчынцы споўнілася 10 гадоў, адзін за адным з жыцця пайшлі бацькі – і засталіся Баляслава з сястрой Станіславай сіротамі. Над дзяўчатамі злітасцівіўся стрыечны брат Альбін, які забраў іх да сябе, – Аміля, жонка брата, замяніла ім маці. На ногі паставіла, замуж выдала і потым падтрымлівала з імі цесныя сувязі. Сёння ўжо ўнучка Амілі Люся прыходзіць адведаць бабулю.
У школу Баляслава не хадзіла – працаваць трэба было, і працаваць цяжка.
– І нянькай я была, і на полі яшчэ дзіцём працавала, і гной трэсла, – успамінае Баляслава Аляксандраўна.
– Але наша бабуля ўсё ж навучылася пісаць і чытаць, – ласкава дапаўняе жанчыну ўнучкаМарына. – Да навукі здольнасць мела і жаданне, таму пры іншым жыццёвым раскладзе магла бы стаць “вучонай”.
– Жыла, як усе. І на танцы хадзіла, – усміхаецца Баляслава Аляксандраўна. – А як жа! Добра танцаваць умела. Праўда, гадоў мне тады было за дваццаць – раней малых на танцы не пускалі.
Вясёлая і няўрымслівая дзяўчына глянулася прыгожаму аднавяскоўцу. Але шчаслівага жыцця ў іх не атрымалася – каханы Баляславы захварэў і памёр. Доўга яшчэ сэрца дзяўчыны сціскалася ад болю. Толькі час раны лечыць… Не, не забыла яна каханага, але яго не вернеш, і ёй трэба было жыць далей…
…Іван Шадура, які жыў, як кажуць, “праз плот”, таксама рос сіратой. Можа, гэта зблізіла дзве адзінокія душы, а можа, так было наканавана Богам, толькі неўзабаве маладыя людзі згулялі вяселле.
– І адразу пачалі будавацца, – успамінае Баляслава Аляксандраўна. – Хутка хатку харошую паставілі, і кароўка з'явілася, і кабылка. Гаспадаром мой муж быў – парадак адразу навёў… Добрае жыццё пачалося.
– А потым, – працягвае жанчына, – шасць – і вайна! І не пікнеш…
Многае перажылі жыхары Дзедукоў у часы ваеннага ліхалецця. Немцы тут, праўда, асабліва не лютававалі, толькі і свае не заўсёды былі сваімі.
Часта партызаны прыходзілі пад вокнамі хаты Шадураў – кіруючыся да чыгункі, якую яны ўзрывалі, каб перакрыць шляхі немцам.
– Як мы баяліся! – дрыготкім ад страшных успамінаў голасам гаворыць Баляслава Аляксандраўна. – Не было той ночы, каб не прыйшлі то адны, то другія. Забіралі адзенне, ежу… Аднойчы зайшоў у хату немец, а я маленькага Івана на руках трымаю. Кажа мне па-свойму: “Дай парсюка!” – быў у мяне тады добры кабан. А я стала насупраць і яму ў адказ: “Ёсць кабан, але хворы.” Падманула – а ён і спужаўся, не ўзяў!
– І партызаны бралі: і коніка, і карову, і яйкі, – успамінае жанчына. – Усё, што ў куфары было, таксама забралі. І кажух майго чалавека ім спатрэбіўся – новы быў кажух. І боты… А страляць – не, у нас не стралялі.
Пасля вайны ў Дзедукі прыйшла савецкая ўлада, а разам з ёю – калгасы. Не хацелі людзі аддаваць нажытае крывёй і потам дабро – не выключэннем былі і Шадуры.Гаспадары двароў, як толькі чулі, што будзе збірацца сход, адразу ў лес уцякалі. Але калі ўлады пачалі “закручваць гайкі”, прыйшлося згадзіцца.
– А куды дзенешся? – махнула рукой Баляслава Аляксандраўна. – Аддалі ў калгас і кароўку – добрая такая была, і кабылку – Аглічка яе звалі. Плакала я…
І самі Іван і Баляслава сталі калгаснікамі – у поле “хадзілі”. Працаваць прыходзілася цяжка – без карміцелькі-каровы і каня, які быў першым памочнікам гаспадара, жыццё было цяжкае. Да таго ж у 1947 годзе ў Шадураў нарадзіўся малодшанькі Юзік. І хоць хлапчукі былі яшчэ зусім малыя, карміць іх трэба.
Так і жылі – у клопаце і працы. Дзеці ў школу пайшлі: старэйшаму Івану спачатку прыходзілася некалькі кіламетраў у суседнюю Забалаць за навукай шпацыраваць. А потым і ў Дзедуках школка з'явілася. І хоць Юзік быў яшчэ малы, але ў школу хадзіў разам з братам. Убачыўшы, што хлопчык спраўляецца, яго “пратэсціравалі” і таксама залічылі ў рады школьнікаў.
2015-ты...
Прайшло-праляцела ўжо больш за трыццаць гадоў з таго часу, як Баляслава Аляксандраўна пераехала ў Астравец – да малодшага сына, які пасля заканчэння Саратаўскага вучылішча прыязджаў сюды ў камандзароўкі, пазнаёміўся з будучай жонкая Ірынай – і застаўся.
Што прымусіла жанчыну пакінуць родныя мясціны, дзе прайшло яе дзяцінства, дзе кожнае дрэўца, кожная травінка нагадвала аб светлай і гарачай пары маладосці, дзе нарадзілася яе сям'я і выраслі яе дзеці? Смерць мужа, з якім прайшла доўгую жыццёвую дарогу, і адзінота – пякучая і невыносная.
Спачатку Баляслава Аляксандраўна пераехала да старэйшага сына ў Ліду. Актыўная і хуткая па натуры, жанчына не магла сядзець без справы, таму пайшла працаваць прыбіральшчыцай у Лідскі дом афіцэраў.Праз некаторы час перабралася да малодшага сына ў Астравец. Юзік дапамог маці ўладкавацца на новым месцы. Але жыць Баляслава Аляксандраўна вырашыла асобна – не хацела перашкаджаць сям'і сына, ды і сама з гаспадаркай спраўлялася, нават двух кабанчыкаў трымала. Ды яшчэ і на працу ўладкавалася – прыбіральшчыцай у школу – актыўная і ў душы ўсё яшчэ маладая і спрытная жанчына без справы сядзець не магла і не хацела.
– Колькі мы яе ні ўгаворвалі адпачыць, – успамінае нявестка Ірына, – аніяк! Сын сам схадзіў і яе з работы звольніў – а яна, хоць з палачкай, зноў туды пайшла!..
У 2008 годзе памёр Іван. Няма на свеце нічога больш цяжкага і балючага, чым хаваць сваё дзіця. Але давялося Баляславе Аляксандраўне перажыць яшчэ адно вялікае гора: праз год пасля смерці брата памёр і Юзік...Доўга яшчэ жыла Баляслава Аляксандраўна адна – спраўлялася. І толькі на зіму перабіралася да ўнучкі ў Ліду або да Юзікавай жонкі ў Астравец. А калі не змагла спраўляцца самастойна, пераехала жыць да невесткі Ірыны. Так і жывуць зараз дзве жанчыны разам, песцяць унукаў і праўнукаў, дзеляцца радасцю, успамінамі і шчырай усмешкай.
– Сустракаючы 2015-ты, наша бабуля прасіла Усявышняга і наступнага Новага года дачакацца, – з ласкавай усмешкай прыкмячае нявестка Баляславы Аляксандраўны. – Яе багацце – гэта 2 унукі і 2 унучкі, 4 праўнукі і 3 праўнучкі. А дасць Бог – і прапраўнукаў дачакаецца.
Дзед Баляславы Аляксандраўны Ясь таксама быў доўгажыхаром.
– Ён казаў, – успамінае жанчына, – што ў сям'і доўга жывуць праз пакаленне – так у нас і сталася.
З успамінаў.
– Я не была прагнай. Але гро- шы не распускала, старалася працаваць – збірала, каб кавалачак зямлі купіць. Капейка ж прападзе – а зямля застанецца…
– Вяртаемся дахаты са Шчучына, дзе падаткі плацілі, а над намі самалёты. І вайна, і грошы страцілі…
– Усёй вёскай збіралі грошы, каб сенакос купіць. Маці посцілкі і дзяружкі прадавала, а бацька яе ўшчуваў: “Што робіш? У чым дзеці хадзіць будуць?”. А яна яму ў адказ:”Лахман – гэта рэч набытная. А карову пасвіцца куды яны пусцяць?..”
– Выбраліся з сяброўкай у касцёл. А пасля на базар. Сяброўцы бацька і тое купіць, і гэта. А я стаю… І ніхто нічога не дасць, і купіць не магу. А хочацца…
– Муж мой вельмі святы любіў. Працаваў добра – і гуляў не горш. Казаў мне:”Пажывеш – яшчэ не раз успомніш. І капейку, і прыбрацца на такое – не шкадуй.” Успамінаю…
Маршчынкі на яе твары – як адлюстраванне нялёгкага жыцця. Высакародная сівізна валасоў – даніна мужнасці, цярпенню і стойкасці характару. А жывыя блакітныя вочы, у глыбіні якіх, нягледзячы ні на што, раз-пораз прабліскваюць вясёлыя іскрынкі, – прыкмета ба- гатага душэўнага складу, унутранай глыбіні і жывой цікавасці да ўсяго, што адбываецца навокал.
Вольга ХАЦЯНОВІЧ
