Островчанин Евгений Дублёных рассказывает о семье и городе своего детства
Партызанам Вялікай Айчыннай вайны Васілю і Ніне Дублёных наш горад, тады яшчэ мястэчка, лёс наканаваў стаць другой радзімай. А вось іх унук Яўген – карэнны жыхар Астраўца, і гэта месца для яго стала галоўнай кропкай жыцця: тут малады чалавек вырас, сюды вярнуўся рабіць першыя крокі ў прафесію, тут сустрэў каханую і стварыў сям’ю.
– У 1944 годзе дзядуля з бабуляй у складзе 16-й Смаленскай партызанскай брыгады вялі баі за Міхалішкі (дзед быў намеснікам камандзіра па разведцы і контрразведцы), адной з галоўных задач стаяла захаваць мост праз Вілію да прыходу Чырвонай арміі, – знаёміць з ваеннай біяграфіяй родных Яўген.
У Вялікую Айчынную Васіль і Ніна ўпершыню трапілі на Астравеччыну. Другая сустрэча Дублёных, на той час яны ўжо мелі траіх дзяцей, з нашым краем адбылася ў мірны час – і стала вызначальнай: сям’я засталася тут назаўсёды.
– Працавалі на Пастаўшчыне, Смаргоншчыне, а пасля дзядулю накіравалі старшынёй калгаса ў наш раён, затым прызначылі дырэктарам ільнонарыхтоўчай канторы ў Гудагай, – дзеліцца ўнук ветэранаў. – Спярша жылі ў Ізабеліна, пазней пераехалі ў Астравец – пабудавалі дом на вуліцы Энгельса.
Цяпер з жонкай і сынамі ў хаце дзеда жыве Яўген. Астраўчанін узгадвае дзяцінства: жыў у мікрараёне Валадарскага, і калі з бацькамі выпраўляўся да бабулі з дзядулем, то шлях здаваўся няблізкім.
– А ўжо вуліцы, якія знаходзіліся за ракой, увогуле былі далёкай далечынёй. Топавым месцам баўлення часу быў бераг ля мастка праз раку Лошу, які вёў на вуліцу Зялёную: купаліся, загаралі, гулялі, – смяецца астраўчанін. – Калі гаварыць пра час сённяшні, люблю старую частку горада, бо тут вырас. Вызначаючы маршрут для прагулкі, мы з жонкай арыентуемся ў першую чаргу на малодшых сыноў, дакладней, на іх магчымасць адолець вызначаную адлегласць.
Яўген прызнаецца, што юнаком быў упэўнены, што не вярнецца на Астравеччыну, думаў: атрымае адукацыю – і з’едзе. Сталася наадварот. І, як паказаў час, наш зямляк не прагадаў: і на работу ўладкаваўся, і другую палавінку тут сустрэў, і ў выніку стаў гараджанінам, не выязджаючы са свайго роднага пасёлка.
– Астравец быў невялікім, спакойным, ціхім, утульным, чыстым – і гэта мяне цалкам задавальняла. Па шчырасці, нават думак не прыходзіла, што ён некалі стане іншым: папрыгажэе, разбудуецца, у дзіцячых садках будуць басейны, з’явяцца фізкультурна-аздараўленчыя комплексы, гіпермаркеты, гарадскія аўтобусы і шмат чаго іншага. Такому развіццю дало імпульс узвядзенне атамнай станцыі – і гэта здорава, – гаворыць малады чалавек. – Да слова, калі пачалося будаўніцтва мікрараёнаў, уяўляў, што ж атрымаецца ў выніку, хацелася паўдзельнічаць у гэтым – і атрымалася так, што спецыфіка маёй работы гэта дазволіла. Таму горад рос на маіх вачах і ў жыхарскім, і ў прафесійным планах – і маштабы развіцця прыемна ўражвалі, пераўзыходзячы мае першапачатковыя чаканні.
Яўген Дублёных шчаслівы, што эпіцэнтрам яго жыцця быў, ёсць і застаецца родны Астравец, зазначаючы: «Мы ж усе мясцовыя: і я, і жонка, і дзеці тут нарадзіліся».
