Островчанин Вадим Мороз стал бронзовым призёром чемпионата Европы по боксу

Бронзавым прызёрам вярнуўся юны баксёр Вадзім Мароз з чэмпіянату Еўропы па боксе сярод школьнікаў 1999-2000 гадоў нараджэння.

Наша газета раней паведамляла пра поспех гэтага юнака, выхаванца трэнера Астравецкай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы А.З. Маргужа, які стаў пераможцам на спартакіядзе Рэспублікі Беларусь сярод школьнікаў. Менавіта гэта перамога і адкрыла Вадзіму акно ў Еўропу. Канешне, атрымаць пуцёўку на спаборніцтва такога маштабу для юнака – сапраўдны шанс, які нельга было ўпусціць. Аднак… Ірландскі Дублін, дзе павінен быў адбыцца чэмпіянат, знаходзіцца не ў суседняй краіне. І гэтая самая пуцёўка, зборы, падрыхтоўка патрабавалі немалых фінансавых затрат. І ўсё ж такі Вадзім на спаборніцтва паехаў! За вырашэнне фінансавага пытання родныя юнака і яго трэнер выказваюць падзяку старшыні райвыканкама А.Д. Кавальку.
А Вадзім не падвёў і апраўдаў ускладзеныя на яго надзеі і спадзяванні. У сваёй вагавой катэгорыі да 68 кілаграмаў у паўфінале ён саступіў на рынгу саперніку з Расіі. Дарэчы, расіянін – мінулагодні прызёр чэмпіянату, які сёлета ў выніку стаў пераможцам. У фінале ён без асаблівай цяжкасці расквітаўся з сапернікам. А вось напярэдадні, у паўфінале з нашым Вадзімам расіяніну прыйшлося добра пазмагацца. Як адзначылі суддзі, бой быў амаль роўным. Словам, юнак добра прадэманстраваў свае баксёрскія навыкі, стаў бронзавым прызёрам чэмпіянату і такім чынам нашых астравецкіх баксёраў ведаюць цяпер і ў Еўропе.



Каментарыi


– Гэта самы значны вынік у гісторыі астравецкага боксу сярод школьнікаў, – адзначыў трэнер А.З. Маргуж. – Канешне, я задаволены і ганаруся Вадзімам. Малайчына! За рашэнне фінансавых пытанняў, канешне, удзячны старшыні Астравецкага райвыканкама. А яшчэ хацеў бы падзякаваць за разуменне і дапамогу маме Вадзіма Мароза – Алене Чаславаўне. Ды і для юнака гэта вельмі важна. Калі адчуваеш падтрымку і дапамогу родных людзей, лягчэй пакараць новыя вяршыні.

----------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.


Фота з сайта susanin.udm.ru.