Островчане рассказали, как спасаются от жары
Лета дасягнула экватара, а слупок тэрмометра б’е ўсе рэкорды. У астраўчан і гасцей горада карэспандэнт «раёнкі» пацікавіўся, як яны ратуюцца ад спёкі.
Наталля Грабоўская, медыцынская сястра:
– Мне пашчасціла: я ў адпачынку, таму не магу сказаць, што моцна пакутую ад такога надвор’я. У празмерна спякотныя дні лепш час бавіць ля вадаёма. Для сябе сёлета адкрылі Вілію: там няма столькі людзей, як на Янаўскім вадасховішчы, ціха, спакойна і прыгожа. Хоць, канешне, у гэтую пару многія працуюць, як, напрыклад, мой муж, але лета, лічу, – цудоўная пара для пікнікоў, паездак і экскурсій. Зімой яшчэ паспеем памерзнуць. (Усміхаецца.)
Як медыцынскі работнік магу параіць менш часу праводзіць пад адкрытым сонцам, піць больш вадкасці і не забываць пра галаўны ўбор.
Яніна і Алег Ільюкі Яніна Вітольдаўна, пенсіянерка:
– Жыву ў драўляным доме – спёка ў ім не адчуваецца. Даўней цэлымі днямі сенавалі і ніхто не звяртаў увагі на спёку. Прыляцім малыя з поля – і ў рэчку, а потым ізноў варушыць і зграбаць траву.
Алег, мантажнік:
– У мяне таксама прыватны дом, таму кандыцыянер не патрэбен. Асноўныя работы – пакасіць, расліны паліць у цяпліцы – стараемся выконваць раніцай ці вечарам. Ахаладзіцца можна ў любую хвіліну пад летнім душам, вада добра награецца за дзень.
Дзіяна Рагавенка, Ірына Табаравец, Дар’я Махневіч, школьніцы
Даша:
– Сустрэліся з сяброўкамі ў гандлёвым цэнтры «Замі», тут працуюць кандыцыянеры, таму спёка не адчуваецца.
Іра:
– А яшчэ купілі вады і марожанага. Яны найлепш дапамагаюць ахалодзіцца. Таксама, выходзячы на вуліцу, варта не забываць пра кепку ці панаму, таму што можна атрымаць сонечны ўдар.
Дзіяна:
– Вы ж, напэўна, бачылі, як ахалоджваюцца гарадскія дзеці? Не вылазяць з фантана, што ля гімназіі. (Усміхаецца.) Але найлепшы адпачынак летам у такія дні – купацца ў вадаёме. Па магчымасці ездзім з бацькамі на Нарач ці ГЭС.
Алена Свешнікава, гаспадыня аграсядзібы:
– Адпачынак на беразе возера – лепшы спосаб ахаладзіцца ў такую гарачыню. У нашай сям’і таксама ёсць улюбёнае месца. На жаль, на Астравеччыне на большасці вадаёмаў забаронена купацца, таму што яны не прыстасаваны для гэтага.
Са страў у спякотнае надвор’е магу параіць традыцыйны халаднік на кефіры – і смачна, і карысна.
