Островчане удачно выступили на спартакиаде в Могилёве

Спецыялісты Астравецкага лясгаса штогод даказваюць, што ўмеюць не толькі граматна і эфектыўна весці лясную гаспадарку раёна, але і спортам займаюцца гэтак жа паспяхова.


У пачатку ліпеня нашы лясныя спецыялісты абаранялі гонар вобласці на рэспубліканскай летняй спартакіядзе работнікаў лесу ў Магілёве. Гродзенскае абласное лесагаспадарчае аб’яднанне, дзякуючы ўдалым выступленням і астравецкіх спартсменаў з лясгаса, заняло ІІ агульнакаманднае месца.

На працягу трох дзён Магілёў быў сапраўдным спартыўным эпіцэнтрам, дзе прадстаўнікі лясной гаспадаркі рэспублікі высвятлялі, хто хутчэй бегае, вышэй скача, больш трапна забівае галы. Вынікі кожнага віду ішлі як у камандны, так і ў індывідуальны залікі.

Сярод ігракоў у шашкі роўных не было Аляксандры Цэйка, бухгалтару Падольскага лясніцтва. За ёй – І месца.

Дзякуючы машыністу тралёвачнай (лесанарыхтоўчай) машыны Паўлу Афоніну, які стаяў на варотах і не прапусціў за ўсе гульні ніводнага мяча, футбольная каманда Гродзенскай вобласці стала пераможцай у міні-футболе.

Астравецкія асілкі занялі прызавыя месцы і ў падняцці гіры. Начальнік дрэваапрацоўчага цэха Дзмітрый Волк-Леановіч і ляснічы Гервяцкага лясніцтва Віталій Грамбоўскі занялі кожны ў сваёй вагавой катэгорыі трэція месцы (да 70 і больш за 90 кілаграмаў адпаведна).

У адрозненне ад калег па камандзе, якія былі заяўлены толькі ў адным відзе спорту, інжынеру па падрыхтоўцы кадраў Аксане Сацура дасталася шматбор’е “Здароўе” – а гэта чатыры віды. З бегам на 60 і 500 метраў, адцісканнем ад лаўкі і скачкамі ў даўжыню з месца Аксана справілася на “бронзу”.

У складзе каманды лучнікаў інжынер па якасці Дзмітрый Урбановіч і памочнік ляснічага Палушскага лясніцтва Валерый Куцько занялі агульнакаманднае ІІ месца.

Такія вось прафесіяналы працуюць у нашым лясгасе – і спецыялісты ў сваёй справе, і спартсмены.


Алена ГАНУЛІЧ.