Островчане стали призерами Международного конкурса креативности

З трэцім прызавым месцам вярнуліся школьнікі гімназіі №1 з восьмага Беларускага нацыянальнага фестывалю Міжнароднага конкурсу крэатыўнасці “Адысея Розуму”, які праходзіў у апошнія дні сакавіка ў нацыянальным дзіцячым цэнтры “Зубронак”.

Падрыхтоўка да конкурсу пачалася яшчэ ў мінулым годзе, калі настаўніца замежнай мовы гімназіі №1 Наталля Назараўна Ляшчэўская трапіла на семінар адукацыйнай праграмы, мэтай якой з’яўляецца развіццё крэатыўнасці ў дзяцей і моладзі. Семінар спадабаўся – як і тая дзейнасць, якую ўжо некалькі гадоў прапагандуе аўтарская група “Рэферэнт” пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Мінскага гарадскога інстытута развіцця адукацыі і грамадскага аб’яднання “Беларускае псіхааналітычнае таварыства”.
Пасля семінара Наталля Назараўна Ляшчэўская разам з калегай Наталляй Станіславаўнай Польскай вырашыла сабраць вакол сябе творчых, ініцыятыўных школьнікаў, якія зацікавіліся “Адысеяй Розуму”. Пачаліся заняткі – тэарэтычныя і практычныя. У снежні школьнікі адпачылі на спецыяльнай змене, якая была арганізавана ў “Зубронку”, і вырашылі працягваць пачатае. І зноў узяліся за распрацоўку заданняў конкурсу.


– На першы погляд здаецца, што нічога складанага няма. Каб стаць удзельнікамі конкурсу, трэба стварыць каманду з сямі чалавек і зарэгістравацца. Пры гэтым каманда набывае членства ў алімпіядзе крэатыўнасці “Адысея Розуму”, за якое, зразумела, неабходна ўнесці пэўную суму грошай, – расказвае Наталля Назараўна. – І мы вельмі ўдзячны бацькам, што яны нас падтрымалі не толькі маральна, але і матэрыяльна.


Дык што гэта такое – “Адысея Розуму”? Удзельнічаць у гэтым крэатыўным праекце могуць дзеці, пачынаючы з дзіцячага садка і да першых курсаў вышэйшых навучальных устаноў. Каманда выбірае адну з прапанаваных праблем, каб потым яе вырашыць і прадставіць на суд журы. Зразумела, што ўсё гэта праходзіць пад пастаянным кантролем і з дапамогай трэнераў.
Падрыхтоўка гімназістаў да конкурсу ішла напружана – два разы на тыдзень рабяты збіраліся, распрацоўвалі сцэнарый і абмяркоўвалі метады рашэння праблемы, рыхтавалі рэквізіты – яны павінны быць зроблены рукамі дзяцей, пажадана з другаснай сыравіны і не выходзіць за ўстаноўленую суму грошай. За час заняткаў школьнікі таксама распрацавалі эмблему, візітку, дэвіз.
І вось каманда гімназістаў “Indigo Fusion” у складзе Каці Ражко, Дашы Юцкевіч, Сашы Польскага, Насці Карнэлік, Арнольда Грагоўскага, Ігара Азевіча і капітана Сяргея Пуставога пад кіраўніцтвам настаўнікаў-трэнераў Наталлі Назараўны Ляшчэўскай і Наталлі Станіславаўны Польскай адпраўляецца ў “Зубронак”.
Тут іх чакалі яшчэ 25 каманд з розных гарадоў Беларусі і Расіі. Некалькі дзён спаборніцтваў, падчас якіх неабходна было не толькі прэзентаваць тое, што рабяты падрыхтавалі дома, але і паўдзельнічаць у вырашэнні спантанных праблем і стаць удзельнікамі конкурсу “мікс-каманд”, калі прапанаваную сітуацыю разыгрываюць разам тры каманды. Трэба праявіць не толькі крэатыўнасць, але і стаць добрымі сябрамі, якія разумеюць адзін аднаго. У прамежках паміж конкурсамі ў рабят быў час на адпачынак – яны маглі наведваць забаўляльныя праграмы, дыскатэкі, кірмашы. А ў апошні дзень фестывалю для рабят была арганізавана экскурсія з гульнявой праграмай на хутар “Неслуч”.
А пакуль дзеці ўдзельнічалі ў конкурсах і адпачывалі, іх настаўнікі-трэнеры наведвалі семінары.
І “Адысея” пакарылася нашым таленавітым і крэатыўным дзецям – гімназісты сталі ўладальнікамі кубка і Дыплома трэцяй ступені, пакінуўшы ззаду каманды з Віцебска, Мінска, Смаленска, Наваполацка і іншых гарадоў. Кожны ўдзельнік гімназічнай каманды атрымаў сертыфікат і памятны медаль за трэцяе месца. А падчас шоу-праграмы “Хвіліна славы” нашы дзеці сталі яшчэ і лаўрэатамі гэтага фестывалю.
Дарэчы, праграма разлічана не толькі на вучняў і іх настаўнікаў. Стаць яе актыўнымі ўдзельнікамі маглі і бацькі дзяцей, якія ўваходзяць у склад каманды. І гэтай магчымасцю скарысталіся Юлія Альбінаўна і Андрэй Сцяфанавіч Ражко, якія на працягу этапа падрыхтоўкі былі незаменнымі памагатымі і кансультантамі. Іх удзел журы конкурса адзначыла Падзячным пісьмом.