Островчане привезли серебряные медали с международного турнира
Астравецкія каратысты не з пустымі рукамі, а з сярэбранымі медалямі вярнуліся з міжнароднага турніру “Сакура над Сожам”, які прайшоў у Гомелі.Акрамя беларускіх удзельнікаў, на спаборніцтва з'ехаліся каратысты з Расіі і Украіны. Разам са сваім трэнерам па каратэ Дзмітрыем Куцько на турнір паехалі і чацвёра астраўчан. Кожны з іх прадэманстраваў у сваёй узроставай катэгорыі добрае майстэрства і тэхніку бою.
Самы малодшы ўдзельнік нашай каманды, дзесяцігадовы Косця Пятровіч, спачатку выйграваў бой і з кожным узмахам рукі і дакладным ударам усё больш набліжаўся да перамогі. Аднак літаральна за дзесяць секунд да заканчэння паядынку сапернік нанёс дакладны ўдар, які ўміг забяспечыў яму ўдалы фінал бою. Такім чынам, астраўчаніну не хапіла крыху нават не майстэрства, а шанцавання. Тым не менш, трэнер поўнасцю задаволены выступленнем свайго выхаванца.
Данііл Махневіч, якому адзінаццаць гадоў, таксама настройваўся на перамогу. Аднак на вынік бою, напэўна, паўплывала хваляванне. Хлопец правёў паядынак нядрэнна, але ўсё ж такі саперніку ўступіў.
Чатырнаццацігадовы Сяргей Кандратовіч правёў больш за ўсё баёў. У чвэрцьфінале хлопец датэрмінова выйграў у беларуса. У фінале ён таксама ўпэўнена перамог саперніка з Украіны. Аднак падчас гэтага бою Сяргей атрымаў траўму. Таму зразумела, што ў фінале яму прыйшлося цяжкавата. Тым не менш, бой астраўчанін правёў дастойна, хоць і прайграў яго расіяніну. У выніку Сяргей Кандратовіч – сярэбраны прызёр турніру.
Яраслаў Бароўскі (шаснаццаць гадоў) выступаў у абсалютнай вагавой катэгорыі. Гэта значыць, звыш 72 кілаграмаў без абмежаванняў. Таму юнаку прыйшлося нялёгка: пры сваёй вазе 73 кілаграмы ён сустракаўся з сапернікамі на 10, а то і на ўсе 13 кілаграмаў цяжэйшымі за яго. Нягледзячы на гэта, Яраслаў выступіў паспяхова і таксама стаў сярэбраным прызёрам.
Не можа Дзмітрый Куцько не ўспомніць яшчэ аднаго, на жаль, ужо былога свайго выхаванца – Сашу Верамейчыка. Справа ў тым, што юнак летам пераехаў у Гродна і з верасня займаецца ў іншага трэнера. Тым не менш, першаму трэнеру вельмі прыемна, што хлопец не кінуў каратэ і працягвае далей удасканальваць атрыманыя навыкі. Вось і на турніры Саша ў сваёй узроставай катэгорыі дванаццаць-трынаццаць гадоў заняў першае месца.
----------------------------
Марына МАЦКЕВІЧ.
