Островчане ловят по-настоящему летние моменты
Лета сёлета выдалася капрызным і непрадказальным: то за некалькі хвілін вылье на галовы людзей сутачную норму вільгаці, то моцным, амаль ураганным ветрам з коранем выверне магутныя дубы і “скосіць”, бы перарослую траву ў полі, цэлыя пасадкі высокіх і стройных бяроз, то прыпячэ гарачымі сонечнымі промнямі – і тады здаецца, што цябе па-жывому засмажваюць на разагрэтай да чырвані патэльні.
Вось гэтыя спякотныя дзянькі і стараюцца ўкрасці ў лета астраўчане, каб адчуць прыемную асалоду ад пяшчотных дотыкаў халаднаватай вадзіцы, душой і целам пагрэцца на мяккім дыване пляжнага пяску, прыняць сонечныя ванны.
І таму не дзіва, што як толькі слупок тэрмометра перавальвае за 27 градусаў, на пляжы Янаўскага вадасховішча з'яўляецца шмат адпачываючых.

Дабіраюцца сюды астраўчане па-рознаму: на асабістых аўтамабілях, веласіпедах, пешшу або на таксі. На ўсю ваколіцу чуваць вясёлы плёскат вады, дзіцячы смех і гоман. Не пустуе і валейбольная пляцоўка, адкуль раз-пораз чуюцца падбадзёрваючыя выкрыкі і глухаваты стук мяча.Адным адпачываючым даспадобы мяккая цеплыня прыбярэжнай паласы, другія размяшчаюцца на зялёным дыванчыку пульхнай травы…


Хтосьці мерае глыбіню дна і гуляе ў водныя “салачкі”, нехта, як сапраўдны спартсмен, адпрацоўвае навыкі валодання рознымі відамі плавання, камусьці больш падабаецца прайсціся па ўздоўж вады па тоненькай паласе мокрага пяску, якая быццам дае магчымасць выбару паміж светам зямным і светам водным. Ёсць і такія, хто, раскінуўшы рукі і ногі, як маленькая зорачка ў адным вялікім сузор'і, і заплюшчыўшы вочы, пэўна, уявіў сябе адзінымі ў свеце – і нібы размаўлялі з толькі ім бачнымі матэрыямі і толькі ім вядомай мовай. Ці не гэта ёсць сапраўдны адпачынак – душы і цела?..



Вузельчыкі на памяцьДарослым:
– купацца дазваляецца толькі ў прыстасаваных для гэтага месцах, дзецям – у прысутнасці дарослых;
– забараняецца заплываць за буйкі і іншыя навігацыйныя знакі, а таксама ўзбірацца на іх;
– забараняецца лезці ў ваду ў стане алкагольнага ап'янення;
– калі папалі ў вадазварот, нырніце і пастарайцеся вынырнуць убаку ад яго;
– папаўшы ў моцнае цячэнне, не спрабуйце плыць яму насустрач – плывіце па цячэнню так, каб паступова набліжацца да берага;
– калі мышцы звяла сударга, перавярніцеся на спіну і плывіце да берага.
Дзецям:
– абавязкова навучыцеся плаваць;
– будзьце асцярожнымі нават з надзіманым кругам;
– ніколі не панікуйце;
– купайцеся толькі там, дзе ёсць людзі;
– не гуляйце ў вадзе ў гульні з захватам і сполахамі;
– не плавайцена дошках, броўнах і самаробных плытах.
Вольга ХАЦЯНОВІЧ
