Оставайтесь с "Астравецкай праўдай"!
Новы год – адна з нагод (прабачце за каламбур), каб заўважыць хуткаплыннасць часу. Здаецца, толькі ўчора мы пад бой курантаў загадвалі жаданні: кідалі ў бакал з шампанскім кавалачак шакаладу ці попел ад спаленай запіскі з просьбай аб запаветным ці адпускалі
ў неба паветраны шарык, запоўнены нашымі выдыхнутымі са стоенай надзеяй марамі – а вось ужо час падводзіць вынікі… І штосьці мне падказвае, што незалежна ад таго, якімі яны будуць, збылося ваша мінулагодняе запаветнае жаданне ці не, сёлета пад святочна прыбранай ёлачкай мы зноў будзем марыць, прасіць, загадваць, піць шампанскае з попелам ці шакаладам…
І ўсё ж хочацца спадзявацца, што ў вас, нашы шаноўныя чытачы, прычын сказаць дзякуй году, які вось-вось памахае нам на развітанне калючай яловай галінкай, намнога больш, чым прычын наракаць на яго.
Вось і мы, калектыў рэдакцыі, азіраючыся на прамільгнуўшыя за акном дванаццаць месяцаў – нібы дванаццаць тыдняў, дальбог! – вымушаны прызнаць, што былі яны для нашай з вамі любімай газеты (канешне, любімай – а інакш вы б не трымалі зараз яе ў руках, праўда?), як і для ўсіх жыхароў нашага раёна і краіны ў цэлым, няпростымі, часам – складанымі і праблемнымі… Але пры гэтым, пагадзіцеся, – не пазбаўленымі радасцей, перамог, цікавых сустрэч і знаёмстваў. А, як вядома, згодна законаў фізікі плюс на мінус дае плюс – і таму можна лічыць, што ў агульным і цэлым год быў удалым. Галоўным чынам таму, што вы, нашы шаноўныя чытачы, нягледзячы на ўсе крызісы, на спакусы з боку іншых шматлікіх разнастайных перыядычных выданняў, па-ранейшаму застаецеся са сваёй “Астравецкай праўдай”. І не толькі тыя жыхары Астравеччыны, якія выпісваюць раённую газету ці набываюць яе ў раённым гандлі, але і ўсе, хто рэгулярна ці зрэдку заходзяць на сайт нашай газеты. Сярод іх, мы ведаем, нямала астраўчан, якія жывуць далёка ад радзімы, і для іх магчымасць чытаць раённую газету – на сайце ці выпісваючы яе PDF-версію цераз “Белкіёск” ці рэдакцыю – як глыток паветра з радзімы, магчымасць даведацца навіны роднага краю, адчуць повязь з куточкам, дзе прайшла большая ці меншая частка жыцця.
Якраз пра гэта піша адзін з нашых пастаянных віртуальных чытачоў Нарцыз Лаўрыновіч, які зараз жыве далёка ў Расіі, у сваім каментарыі да артыкула Іаланты Валуевіч пра цагельны завод у Пятрашышках.
“Я з вялізным задавальненнем перажыў яшчэ раз той час, які апісаны ў гэтым артыкуле. Я нарадзіўся непадалёк ад Пятрашышкаў,сам дапамагаў бацьку выгружаць з воза цэглу для рамонту дымаходу, якую ён прывёз з цагельні, а летам разам з дарослымі ўдзельнічаў ва ўборцы ўраджаю. Узгадаліся і іншыя выпадкі з жыцця таго часу… Гэта гісторыя маёй малой радзімы. Вялікі дзякуй аўтару артыкула Іаланце Валуевіч і рэдакцыі газеты “Астравецкая праўда” за такія беражлівыя адносіны да гісторыі роднага краю. Гэта паляпшае веды аб сваёй радзіме і выхоўвае патрыятызм у маладога пакалення. Я воляй лёсу яшчэ ў часы СССР апынуўся далёка ад родных мясцін, але,дзякуючы публікацыям у “Астравецкай праўдзе”, на старасці гадоў адчуваю сябе маладым і каля роднага дома. Яшчэ раз дзякую і жадаю творчых поспехаў вам, Іаланта, і рэдакцыі газеты.”
Паверце, такія словы – а такое пісьмо далёка не адзінае ў рэдакцыйнай пошце – дарагога каштуюць. Найперш – дадаюць веры, што ўсё, што мы робім, – недарэмна. Канешне ж, не ідэальна, і пра гэта – пра кожную нашу памылку, недакладнасць, напісаны не так, як хацелася б некаму з нашых чытачоў, артыкул, вы таксама паведамляеце нам, часам не выбіраючы выразаў, у тэлефанаваннях, каментарыях на сайце, пішаце ў сваіх лістах. І хоць часам тыя абвінавачванні бываюць крыўднымі і несправядлівымі – але і яны становяцца падставай для сур’ёзных размоў на рэдакцыйных планёрках і агульнага імкнення ўсяго калектыву сёння зрабіць газету лепшай, чым учора, а заўтра – лепшай, чым сёння: менавіта ў гэтым пастаянным руху наперад і ёсць закон няспыннасці жыцця…
Але як бы там ні было, якія б водгукі на свае публікацыі ні атрымлівалі ў рэдакцыі – заўсёды, пры любых абставінах, мы імкнёмся быць шчырымі з аўдыторыяй “Астравецкай праўды”. І таго ж – шчырасці, сардэчнасці, нераўнадушша – шукаем у зваротнай сувязі з вамі, нашы чытачы. І таму заўсёды звяртаемся да вас з заклікам-просьбай: “Будзем сябраваць надалей!” Спадзяёмся, што ён знаходзіць водгук у вашых сэрцах, што вы аформілі падпіску на першы квартал ці паўгоддзе – і не забудзецеся яе працягваць. І ў наступным годзе мы з вамі сустрэнемся яшчэ як мінімум сто разоў – менавіта столькі нумароў газеты павінны выйсці з друкарскага цэха, каб двойчы на тыдзень легчы ў паштовыя скрынкі падпісчыкаў.
Мы абавязкова падзелімся з вамі – і спадзяёмся, што вы з намі таксама – навінамі, думкамі і разважаннямі, уражаннямі, цікавымі знаходкамі, творчымі ўдачамі. І нам з вамі будзе кожны раз цікава, карысна, пазнавальна, захапляльна…
Так што – сустрэнемся і ў наступным годзе! Заставайцеся з намі – і будзем сябраваць і надалей, да ўзаемнай радасці і карысці!
А пакуль – з надыходзячым Новым годам! Хай прынясе ён спаўненне ўсіх вашых жаданняў, будзе не горшым, а пажадана – лепшым, чым адыходзячы.
Ніна РЫБІК, галоўны рэдактар
газеты “Астравецкая праўда”
