Останови беду!
Пад такім дэвізам 30 кастрычніка ў Рэспубліцы Беларусь пройдзе адзіны дзень бяспекі дарожнага руху, накіраваны на прафілактыку правапарушэнняў з удзелам нецвярозых вадзіцеляў.На жаль, нягледзячы на ўсе жорсткія меры, якія прымаюцца ў адносінах да аматараў выпіць і сесці за руль, іх колькасць не становіцца меншай. За гэты год супрацоўнікамі Дзяржаўтаінспекцыі Астравецкага РАУС затрыманы 116 нецвярозых вадзіцеляў, з якіх 67 – жыхары нашага раёна, 38 – з іншых гарадоў, 7 грамадзян Літоўскай Рэспублікі, 3 – расіян і адзін – украінец. У адносінах да 7 вадзіцеляў за паўторнае кіраванне транспартам у стане алкагольнага ап’янення ўзбуджаны крымінальныя справы, а іх аўтамабілі канфіскаваны. Акрамя гэтага, 10 вадзіцеляў на тэрыторыі Астравецкага раёна затрымалі супрацоўнікі АСВ “Дэльта” УДАІ Упраўлення ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама і 4 – супрацоўнікі ДАІ Ашмянскага РАУС.
Сумнай статыстыкай даказана, што ў большасці выпадкаў вынікам такіх паездак “пад градусам” становяцца дарожна-транспартныя здарэнні. З пачатку года на Астравеччыне па віне нецвярозых вадзіцеляў адбыліся 4 аварыі, дзе адзін чалавек загінуў і 6 – атрымалі цялесныя пашкоджанні.
Немалаважную ролю адыгрываюць і так званыя “сябры”, якія падбухторваюць выпіўшага сесці за руль: маўляў, нічога страшнага не будзе, “пранясе”. Ніколі не ўгаворвайце вадзіцеля выпіць! Алкаголь не толькі зніжае рэакцыю пры кіраванні аўтамабілем, але і забірае жыццё і траўміруе іншых удзельнікаў дарожнага руху. Збіраючыся ў госці, загадзя дамаўляйцеся, хто паедзе назад за рулём. І памятайце, што безвыходных сітуацый не бывае – заўсёды можна выклікаць таксі і засцерагчыся ад магчымай бяды.
Нарэшце, не варта забываць, што кіраванне аўтамабілем у нецвярозым стане караецца законам і моцна “б’е па кішэні” – за гэтае правапарушэнне, а таксама за перадачу кіраваннем транспарту нецвярозаму і за адмову ад праходжання медыцынскага агляду “свеціць” штраф ад 50 да 100 базавых велічынь з пазбаўленнем вадзіцельскіх правоў на тры гады. За паўторнае парушэнне на працягу года прадугледжаны выпраўленчыя работы да двух гадоў, арышт са штрафам ці абмежаванне волі да двух гадоў са штрафам ці пазбаўленне волі на гэты ж тэрмін.
-------------------------------
Славамір РОДЗЬ, старшы дзяржаўтаінспектар ДАІ.
