Осень - самый опасный период на дороге
Восень ужо неаднойчы характарызавала сябе як найбольш небяспечны перыяд на дарозе. Скарачэнне светлавога дня непазбежна ўносіць свае карэктывы. У гэты час чалавек становіцца больш вялым, санлівым, апатычным і хутчэй стамляецца. Пагэтаму і вадзіцелям, і пешаходам на дарозе трэба быць вельмі ўважлівымі і асцярожнымі.Восенню дзень становіцца карацейшым. Цемра дзейнічае прыгнятальна не толькі на настрой чалавека, але і на сітуацыю на дарогах. Так, можна дапусціць сур’ёзную памылку ў вызначэнні адлегласці, якая ноччу здаецца большай, хуткасці, якая ўспрымаецца меншай, чым у сапраўднасці. Прадметы, якія добра бачны днём, са змярканнем мяняюць колер, адценне, становяцца ледзь прыкметнымі.
З цемрай на вуліцах уключаюць ліхтары, аднак нават у іх праменях можна не заўважыць перашкоду, якой можа аказацца п’яны пешаход, што ляжыць на праезджай частцы.
І без таго слабую бачнасць і не лепшы далягляд могуць ускладніць асеннія дажджы і туманы. У такі час вадзіцелю трэба быць гатовым да таго, што на праезджай частцы можа быць пешаход, веласіпедыст, аўтамабіль або дзікая жывёліна.
Сітуацыю на дарозе ўскладняе і ўпэўненасць пешаходаў, што вадзіцель у цёмны час сутак добра бачыць яго ў свеце фар. На самой жа справе ўсё не так: вечарам чалавек зліваецца з праезджай часткай і становіцца непрыкметным. А калі тармазіць, манеўраваць ці шукаць іншае выйсце ўжо позна – наезд становіцца непазбежным. Пагэтаму самы час успомніць пра святлоадбівальныя элементы, пра якія многія за лета ўжо забыліся. Не варта чакаць, пакуль аб гэтым нагадае супрацоўнік ДАІ ці здарыцца бяда. Да таго ж за мінімальны штраф за гэтае парушэнне можна набыць некалькі дзясяткаў флікераў. А патрачанае здароўе ці наогул жыццё ўжо ніхто верне. Статыстыка сцвярджае, што прыкладна 60 працэнтаў пешаходаў гіне менавіта восенню.
Вадзіцель павінен быць гатовы да розных нестандартных сітуацый на дарозе і сюрпрызаў надвор’я. Аварыі здараюцца нават на сухім асфальце ці гравійцы – а што ўжо казаць пра мокрую трасу. Дадайце сюды высокую хуткасць – і вынікі такой паездкі становяцца непрадказальнымі. Утрымаць аўтамабіль ад заносу на сустрэчную паласу, пазбегнуць з’езду ў кювет пасля таго, як хаця бы адно кола “зачапіла” абочыну – шансы ёсць, але настолькі мінімальныя, што не варта выпрабоўваць лёс.
Любы з гэтых і яшчэ не названых фактаў абвастрае праблему аварыйнасці на дарогах. Таму, каб не наклікаць бяду, каб святло ў вачах не пагасла раз і назаўсёды, у любой сітуацыі ўлічвайце характэрныя для цяперашняй пары года псіхафізічныя асаблівасці чалавечага арганізма і непрадказальныя ўмовы надвор’я.
-----------------------------
С. РОДЗЬ, старшы дзяржаўтаінспектар ДАІ.
