Организации Островетчины поздравили мам
Дзень маці шырока святкуецца ў нашай краіне. У гэты дзень праходзяць урачыстыя прыёмы і святочныя канцэрты. Матуль віншуюць не толькі дома, але і ў арганізацыях і на прадпрыемствах.
А ўвогуле гэта свята кожнага чалавека. Таму ў гэты дзень кожны стараўся не пакінуць без увагі сваіх родных і блізкіх жанчын. Больш складана прыйшлося тым жанчынам, якія ў Дзень маці знаходзіліся ў бальніцы. Асабліва тым, якія на працягу святочнага тыдня знаходзіліся са сваімі народжанымі дзеткамі ў радзільным аддзяленні цэнтральнай раённай бальніцы. І такіх шчаслівых і ў той жа час самотных – каму падабаецца ляжаць у бальніцы? – было сем.
Дарэчы, як сведчыць усюдыісная статыстыка, толькі за 9 месяцаў бягучага года ў нашым раёне нарадзілася на 17 працэнтаў больш дзяцей, чым за адпаведны перыяд мінулага года. Калі ўсё гэта перавесці ў лічбы, то ў Астравецкім радзільным аддзяленні за дзевяць месяцаў з’явілася на свет 190 хлопчыкаў і дзяўчынак.
Цяпер да гэтай лічбы можна дадаць і тых нованароджаных, якія свой дзень нараджэння будуць адзначаць напярэдадні Дня маці. Так, Юсціна Колтан з Гервят нарадзіла дзяўчынку. У Галіны Тубіс з Кямелішак нарадзілася другое дзіця – на гэты раз хлопчык. А вось Вольга Ярмак з Астраўца ў хуткім часе прывязе дамоў трэцяга сыночка. Першага хлопчыка напэрэдадні Дня маці нарадзіла Алена Крупіна з Астраўца, а вось у Юлі Варковіч з Лазоўкі першай нарадзілася дзяўчынка. Другое дзіця, сапраўднага волата-хлопчыка вагой ажно 4470, нарадзіла Юля Сымановіч з Астраўца. І ў Марыны Бублевіч, якая жыве ў Астраўцы, таксама нарадзіўся хлопчык.
Таму ў панядзелак матуль, якія падчас Тыдня маці нарадзілі дзетак і яшчэ знаходзіліся ў радзільным аддзяленні цэнтральнай раённай бальніцы, па шматгадовай традыцыі прыехалі павіншаваць начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне С.М. Іванова і загадчыца аддзялення па сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Я.В. Панасюк. У падарунак нованароджаным хлопчыкам і дзяўчынкам яны прывезлі падгузнікі, а матулям – кветкі.
Не абышлі ўвагай жанчын, якія ў Тыдзень маці нарадзілі дзетак, і кіраўнікі грамадскіх аб’яднанняў, якія дзейнічаюць у нашым раёне. У госці да матуль і нованароджаных грамадзян нашай краіны завіталі старшыня раённай арганізацыі Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Н.У. Сянюць, член прэзідыума гэтай арганізацыі В.М. Малышка і сакратар раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі саюз жанчын” А.Г. Ярашэвіч. У падарунак ад гэтых грамадскіх арганізацый маці атрымалі камплекты для нованароджаных, кветкі і фотаздымкі аб шчаслівых момантах знаходжання ў радзільным аддзяленні.
---------------------------
Алена СВЕТЛАЯ.
Фота аўтара і Андрэя ПАМЕЦЬКІ.
