Охота – дело серьезное
З 1 кастрычніка распачалося загоннае паляванне з сабакамі на лася, аленя высакароднага, кабана і касулю еўрапейскую, якое будзе доўжыцца да 30 снежня.
Гэты від палявання, напэўна, самы любімы і доўгачаканы ў паляўнічых. У ім удзельнічаюць вялікімі калектывамі, кожны з членаў якіх удзельнічае ў прыгатаванні традыцыйнай шурпы, дзеліцца з таварышамі сваімі паляўнічымі сакрэтамі і дасягненнямі ў паляванні, памеры якіх часта дасягаюць анекдатычных вышынь.
Паляванне – справа сур’ёзная, і ставіцца да яе трэба адпаведна. Асабліва гэта тычыцца загоннага спосабу, падчас правядзення якога часам гінуць людзі. Таму не лішнім будзе ўзгадаць асноўныя правілы бяспекі.
Па-першае, кожны стралок, які стаіць “на нумары”, павінен дакладна ведаць размяшчэнне суседніх “нумароў” і ўсёй стралковай лініі.
Па-другое, забараняецца мяняцца “нумарамі”, самастойна выбіраць месца і выходзіць з “нумара” да заканчэння загону, акрамя выпадкаў, калі паляўнічы мусіць дапамагчы свайму калегу, які трапіў у бяду.
Забараняецца таксама выходзіць на сярэдзіну прасекі, дарогі і на супрацьлеглы бок акладу; прымяняць самазараднае ружжо з ёмістасцю больш чым на 5 патронаў; ажыццяўляць стральбу ўздоўж стралковай лініі, за межамі свайго сектара і пасля сігналу аб заканчэнні загону, па паляўнічай жывёле з гладкаствольнай зброі на адлегласці больш за 50 метраў, з наразной – больш за 150 метраў.
Заражаць зброю на загонным паляванні дазваляецца толькі на “нумары”, разражаць – перад адыходам з “нумара”.
Забараняецца правядзенне палявання без адпаведнага дазволу, забароненымі спосабамі і прыладамі палявання ў забаронены час у забароненых месцах.
Адказнасць за парушэнне правіл вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання прадугледжана арт. 15.37 Ко АП РБ і арт. 282 КК РБ. У якасці прыкладу можна прывесці выпадак, які адбыўся ў гэтым годзе ў зоне адказнасці Смаргонскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету. Два браты здабылі на паляванні дарослага самца казулі еўрапейскай, але ўтаілі факт здабычы ад егера, не заплаціўшы ва ўстаноўленым парадку кошт здабытай жывёліны. Падчас перавозкі тушы братоў спыніла міліцыя…
У адносінах да аднаго з братоў была ўзбуджана крымінальная справа па частцы 2 арт. 282 КК РБ. Суд ужо вынес прысуд: 10 мільёнаў рублёў штрафу, 6 мільёнаў рублёў за нанесеную навакольнаму асяроддзю шкоду і 2,5 мільёна рублёў (пяціразовы кошт здабытай казулі). Усяго – 18,5 мільёна рублёў. Дарагаватым атрымалася незаконна здабытае мяса…
Нагадваем тэлефон “гарачай лініі”, якая працуе кругласутачна:
8 (015 92) 3-26-74.
С. ГАРБАЦЕНКА, намеснік начальніка Смаргонскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.
Фота з сайта 43.mchs.gov.ru