Очередной день информирования был посвящен детям
Чарговы дзень інфармавання, які быў арганізаваны аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Астравецкага райвыканкама, прайшоў у раёне. У сувязі з набліжэннем новага навучальнага года ён быў прысвечаны двум тэмам: “Становішча і асноўныя накірункі мадэрнізацыі рэгіянальнай сістэмы адукацыі” і “Аб мерах па папярэджванні пажараў і іншых надзвычайных сітуацый, бяспецы і абароне жыцця людзей на водах Гродзенскай вобласці і Астравецкага раёна”.Удзельнікаў дня інфармавання на гэты раз прымалі ўтульныя сцены Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі. У мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня абласнога Савета дэпутатаў Ігар Георгіевіч Жук, намеснік старшыні райвыканкама Віктар Збігневіч Свіла, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Наталля Іосіфаўна Станкевіч і начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Вадзім Іванавіч Салавей.
Дзень інфармавання распачала начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Наталля Іосіфаўна Станкевіч, якая паведаміла, што сёлета першага верасня дзверы ў навучальныя ўстановы раёна адкрыюць 2756 вучняў, з якіх 363 – пойдуць першы раз у першы клас. Да новага навучальнага года былі праведзены рамонтныя работы ў Гудагайскай, Альхоўскай і Спондаўскай школах. Выходзіць на фінішную прамую і рамонт Астравецкай сярэдняй школы №1.
Некаторыя навучальныя ўстановы парадуюць сваіх наведвальнікаў но-вай мэбляй і тэхнікай. Напрыклад, 15 інтэрактыўных дошак знойдуць сваіх маленькіх карыстальнікаў. Словам, як адзначыла Наталля Іосіфаўна, усе 15 навучальных устаноў раёна гатовы прыняць сваіх маленькіх жыхароў. А бліжэй да каляндарнага новага года ў Астраўцы чакаецца яшчэ адна радасная падзея – адкрыццё новых сярэдняй школы і дзіцячага садка.
Пра тое, наколькі падрыхтаваны навучальныя ўстановы ў адпаведнасці з нормамі пажарнай бяспекі і што трэба рабіць, каб пазбегнуць надзвычайных сітуацыі, расказаў начальнік РАНС Вадзім Іванавіч Салавей.
– Сістэма адукацыі – самая маштабная галіна, і Гродзенская вобласць знаходзіцца ў гэтым пункце на першай пазіцыі ў рэспубліцы, – з такога прыемнага паведамлення распачаў сваё выступленне Ігар Георгіевіч Жук. – Аднак нягледзячы на гэта, існуе нямала пытанняў і праблем: вырасла колькасць зваротаў грамадзян, не вельмі добрыя ў нас паказчыкі ў алімпіядным руху, у Гродзенскай вобласці ў педагогаў самая нізкая зарплата. Праблемы ёсць… Але работа вядзецца, пытанні вырашаюцца. Будзем працаваць на развіццё і ўдасканальванне сістэмы адукацыі і надалей.
Тэму надзвычайных сітуацый працягнула старшыня таварыства выратавальнікаў на вадзе Аксана Эрнэстаўна Кардаш. Яна прывяла прыклады па Гродзенскай вобласці, калі дзеці, пакінутыя без нагляду, патанулі. На шчасце, наш раён гэта бяда абмінула, аднак гэта не значыць, што не трэба выконваць правілы паводзін на вадзе. Аксана Эрнэстаўна падкрэсліла, што прафілактыка – гэта не пустыя словы, а першы крок да папярэджвання бяды.
Падвёў вынік дня інфармавання Віктар Збігневіч Свіла, які адзначыў, што галоўная тэма дня інфармавання – дзеці. А галоўная мэта структур, прадстаўнікі якіх сабраліся на мерапрыемства, – забяспечыць ім годную адукацыю і бяспеку.
У рамках дня інфармавання на прадпрыемстве меліярацыйных сістэм і ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва выступіў інспектар групы прапаганды і навучання РАНС Алег Уладзіміравіч Шыць.
Марына МАЦКЕВІЧ
