Областной семинар директоров школ прошёл в Островце

Абласны семінар дырэктараў школ, якія з'ехаліся ў Астравец з усіх раёнаў Гродзенскай вобласці, прайшоў у гімназіі №1, якая напачатку года была адкрыта ў новым мікрараёне нашага горада.


– У Астраўцы я была ўжо не раз. І мела шчасце наведаць новую гімназію, – расказвае метадыст Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Ганна Мар'янаўна Карповіч. – Аднак не толькі адкрыццё новай навучальнай установы стала падставай для наведвання вашага краю. У вашых педагогаў ёсць чаму павучыцца. Менавіта таму мы і прыехалі сюды.

Знаёмства з сістэмай адукацыі Астравецкага раёна пачалося з экскурсіі па гімназіі №1. Прасторныя кабінеты, аснашчаныя ўсім неабходным для правядзення ўрокаў і пазакласных мерапрыемстваў, спартыўная і трэнажорная залы, інфармацыйна-бібліятэчны цэнтр – педагогі былі ў захапленні. І не толькі слухалі аповед дырэктара Алены Чаславаўны Севасцьян, але і ўсё ўбачанае здымалі на фотаапараты і тэлефоны, каб потым паказаць калегам у сваіх раёнах.

У гімназіі прайшла і тэарэтычная частка семінара, на якой былі разгледжаны пытанні павышэння эфектыўнасці кіравання якасцю адукацыі. Нягледзячы на тое што гімназію ўзначальвае малады дырэктар – на пасадзе Алена Чаславаўна толькі 8 месяцаў, – яна падрабязна расказала пра ролю кадраў у павышэнні якасці адукацыі.

Толькі год адпрацавала ў гімназіі №1 намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Анастасія Яўгенаўна Валошык – і за гэты год зроблена таксама было нямала – аб гэтым яна расказала ў сваім выступленні.

А вопытны педагог Таццяна Вадзімаўна Берняковіч спынілася на тым, кім у сённяшні час павінен быць сучасны настаўнік: арганізатар, менеджар, эканаміст, трэнер – усе гэтыя і многія іншыя прафесіі даводзіцца сумяшчаць падчас работы з дзецьмі.

Дырэктары прынялі ўдзел у майстар-класе «Прафесійныя спробы як сродак прафесійнага самавызначэння вучняў» – некалькі гадоў назад вучні і настаўнікі гімназіі сталі ўдзельнікамі інавацыйнага праекта па гэтай тэме, а ў мінулым годзе тут быў адкрыты абласны рэсурсны цэнтр па самавызначэнні вучняў у прафесіі.

Не менш цікавым аказаўся і майстар-клас, які правяла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Міхалішкаўскай школы Святлана Іванаўна Саўко. Сёння гэтая школа з'яўляецца апорнай установай па інфарматызацыі сістэмы адукацыі, і тут сапраўды ёсць чаму павучыцца.

– Нягледзячы на канец навучальнага года – а мерапрыемства праходзіла ў апошнія яго дні, калі ў дырэктараў вельмі шмат работы, – настрой быў пазітыўны, – расказвае намеснік начальніка Астравецкага аддзела адукацыі, спорту і турызму Наталля Вікенцьеўна Баніцэвіч. – Нашым педагогам было адрасавана шмат пытанняў – і яны з задавальненнем падзяліліся сваім вопытам работы.